Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2009/03/02/eu1742_287840/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2020 22:21
02.03.2009 13:39 Беларусь — Eўрасаюз, Грамадства

Пад закон аб экстрэмізме трапіў часопіс беларускіх інтэлектуалаў

25 лютага суд Маскоўскага раёна Брэста прызнаў здвоены нумар 7—8 часопіса ARCHE за 2008 год "экстрэмісцкімі матэрыяламі, якія падлягаюць знішчэнню". Тым самым была задаволена заява ўпраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці. Медыяэксперты і праваабаронцы лічаць гэтае рашэнне небяспечным прэцэдэнтам. На іх думку, пашыральнае, адвольнае тлумачэнне закона "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму" можа даць уладам новы сродак для падаўлення іншадумства, абмежавання свабоды слова. Не гаворачы ўжо аб тым, што гэта ідзе ўразрэз з курсам на нармалізацыю адносінаў з ЕС.

Слуханне праходзіла ў закрытым рэжыме і працягвалася ўсяго гадзіну. Перадгісторыя ж такая. 24 кастрычніка 2008 года ў цягніку пры мытным надглядзе багажу на беларуска-польскай мяжы ў аднаго з аўтараў часопіса канфіскавалі 10 асобнікаў №7—8 ARCHE.

Супрацоўніца мытні палічыла, што звесткі, якія ўтрымліваюцца ў часопісе, "могуць нанесці ўрон нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь". Канфіскаваныя асобнікі былі адпраўлены на экспертызу.

У снежні 2008 года УКДБ па Брэсцкай вобласці накіравала ў суд іск. Як сцвярджалася ў дакуменце, праведзены аналіз устанавіў, што "ў часопісах утрымліваюцца звесткі, якія дыскрэдытуюць дзейнасць органаў улады і кіравання Рэспублікі Беларусь, узмацняюць сацыяльна-палітычную напружанасць і супрацьстаянне ў грамадстве, стымулююць ажыццяўленне дзеянняў, накіраваных на арганізацыю і ажыццяўленне масавых беспарадкаў, і тым самым ствараюць пагрозу бяспецы Рэспублікі Беларусь".

Згодна з іскам, такія звесткі ўтрымліваюцца ў чатырох публікацыях нумару. Гэта артыкул палітолага Віталя Сіліцкага аб парламенцкіх выбарах, матэрыял па выніках круглага стала ў рэдакцыі, публікацыя "Мінскія манеўры. Лукашэнка выкарыстоўвае выбары, каб здабыць рычагі ў перамовах з ЕС" і рэцэнзія на фільм польскага рэжысёра Анджэя Вайды "Катынь" (!).

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Жанна Літвіна звяртае ўвагу на тое, што судовае рашэнне вынесена без адпаведнай экспертызы і праводзілася ў закрытым рэжыме.

"КДБ бярэ на сябе цэнзарскія функцыі і прысвойвае права на ісціну ў апошняй інстанцыі, — лічыць Літвіна. — У мяне ствараецца ўражанне, што ўнутры краіны існуюць пэўныя сілы, дзеянні якіх накіраваны на блакіраванне перамоўнага працэсу, супраць першых парасткаў паразумення ў самім нашым грамадстве. Такімі дзеяннямі перакрэсліваюцца ўсе дэклараваныя добрыя намеры. Гэта ўдар па дыялогу, дэманстрацыя таго, што намаганні пэўных сіл накіраваны на яго згортванне".

Варта таксама ўспомніць, што восенню мінулага года суд Кастрычніцкага раёна Гродна прызнаў, што канфіскаваныя ў аднаго з журналістаў дыскі з фільмам "Урокі беларускай мовы", фотаздымкамі акцый пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года і запісам канцэрта "Салідарныя з Беларуссю", які праходзіў у Варшаве 12 сакавіка 2006 года, з'яўляюцца экстрэмісцкімі і падлягаюць знішчэнню.

Таксама летась суд Іўеўскага раёна прызнаў экстрэмісцкім адзін з нумароў газеты "Свабода". Але пазней гэтае рашэнне па фармальных падставах адмяніў абласны суд.

Медыяэксперты выказваюць апасенне, што пашыральнае, адвольнае тлумачэнне закона "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму", прынятага ў 2007 годзе, можа даць уладам новы сродак для падаўлення іншадумства, пераследу за крытыку.

Палітолаг Валерый Карбалевіч схільны расцэньваць такія факты як інерцыю рэпрэсіўнай машыны.

"Проста ёсць дзяржаўная машына, якой дадзена каманда "душыць", — сказаў ён у інтэрв'ю БелаПАН. — Паколькі каманды "адбой" дадзена не было, то мясцовыя сілавыя структуры працягваюць дзейнічаць у ранейшым рэжыме".

У некаторых выпадках, зазначыў палітолаг, улады даюць канкрэтныя ўказанні, што можна і чаго нельга рабіць. "Але калі такіх указанняў няма, то на месцах дзейнічаюць у прывычным духу, — сказаў Карбалевіч. — Гэта аўтаматызм каральнай машыны, якая запраграмавана на пэўныя задачы і мэты".

Выпадак з нумарам ARCHE палітолаг каментуе так: "Брэсцкія службы, не вельмі добра падумаўшы, канфіскавалі яго на мяжы. І што цяпер рабіць — прызнаць сваю памылку? Быццам бы не выпадае. Значыць, трэба прызнаць матэрыялы экстрэмісцкімі, каб было нейкае легальнае абгрунтаванне гэтых дзеянняў. Вось і прызналі".

Пры гэтым палітолаг не выключыў, што, як і ў выпадку з газетай "Свабода", суд наступнай інстанцыі адменіць вынесенае рашэнне.

Наколькі такія выпадкі прымянення закона "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму" могуць паўплываць на ход дыялогу Беларусі з Еўрасаюзам, які называе свабоду прэсы адной з умоў нармалізацыі адносінаў? Валерый Карбалевіч мяркуе, што негатыўны ўплыў магчымы, толькі калі "такія выпадкі пачнуць набываць масавы і часты характар".

"Праблема ў тым, што ўлады на мясцовым узроўні цяпер у некаторай разгубленасці, у тым ліку і сілавыя структуры, — зазначае эксперт. — Зверху паступаюць супрацьлеглыя сігналы — быццам бы ў нас лібералізацыя, дыялог з Захадам, а апазіцыю і прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый запрашаюць у кансультатыўныя структуры з удзелам высокіх службовых асоб. Але з другога боку, каманды спыніць рэпрэсіі не паступала, таму мясцовыя начальнікі дзейнічаюць у меру свайго разумення. Адсюль і такія выпадкі адбываюцца".

Пры гэтым палітолаг зазначае, што новыя ўказанні для мясцовай вертыкалі пакуль не дадзены таму, што "на самым версе таксама няма дакладнай і зразумелай лініі далейшых паводзінаў". "Улады не хочуць поўнай лібералізацыі, яны хочуць утрымаць кантроль над сітуацыяй, таму не лічаць патрэбным даваць зверху зразумелую і дакладную каманду "больш не біць". Бо тады людзі асмялеюць і пачнуць актыўна дзейнасць", — падкрэсліў Валерый Карбалевіч.

Тым часам міжнародная праваабарончая арганізацыя "Рэпарцёры без межаў" асудзіла факт прызнання нумара ARCHE экстрэмісцкім. "Гэта не прадвяшчае нічога добрага ў галіне свабоды слова і не апраўдвае нашых надзей", — зазначаецца ў заяве арганізацыі.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239