Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2009/03/20/292411_292421/
Дата раздрукоўкі: 01.04.2020 08:16
20.03.2009 18:48 Эканоміка, Фінансы

"Беларусбанк" атрымаў статус IPO-партнёра Варшаўскай фондавай біржы

Мінск, 20 сакавіка. ААТ "ААБ Беларусбанк" і Варшаўская фондавая біржа (ВФБ) падпісалі двухбаковае пагадненне аб супрацоўніцтве, паведаміла прэс-служба беларускага банка.

"Беларусбанку" ўручаны сертыфікат, які пацвярджае прысваенне яму статусу IPO-партнёра Варшаўскай фондавай біржы. На думку абодвух бакоў, заключанае пагадненне — гэта знакавы этап развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж банкам і біржай у межах прыцягнення беларускіх кампаній, зацікаўленых у размяшчэнні эмітуемых імі фінансавых інструментаў на гандлёвых пляцоўках ВФБ, гаворыцца ў паведамленні прэс-службы "Беларусбанка".

У "Беларусбанку" таксама зазначаюць, што выбар у якасці партнёра Варшаўскай фондавай біржы не выпадковы. Сёння яна з`яўляецца вядучай біржай у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе і па выніках 2008 года займае другое месца ў свеце па колькасці тых, хто прайшоў IPO, крыху ўступаючы толькі Лонданскай біржы.

Як нагадваюць у "Беларусбанку", у кастрычніку 2008 года банкам быў падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні з групай Deutsche Borse, якая з`яўляецца аператарам самай буйной біржы каштоўных папер Германіі — Франкфурцкай фондавай біржы. Такім чынам, гаворыцца ў паведамленні прэс-службы, банкам забяспечваецца прысутнасць як на рынку капіталаў Заходняй Еўропы (праз Франкфурцкую фондавую біржу), гэтак і на рынку Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (праз Варшаўскую фондавую біржу).

Даведка БелаПАН. IPO (Initial Public Offering) — першы публічны продаж акцый прыватнай кампаніі, у тым ліку ў форме продажу дэпазітарных распісак на акцыі. Продаж акцый можа ажыццяўляцца як праз размяшчэнне дадатковага выпуску акцый шляхам адкрытай падпіскі, гэтак і праз публічны продажу акцый існуючага выпуску акцыянерамі прыватнай кампаніі.

Варшаўская фондавая біржа заснавана ў красавіку 1991 года. Цяпер на ВФБ каціруюцца 372 кампаніі (347 польскіх і 25 замежных — з Галандыі, Аўстрыі, Венгрыі, Германіі, Украіны, Славакіі, Чэхіі, ЗША, Іспаніі, Эстоніі). Капіталізацыя гэтых кампаній складае 385 млрд. злотых, або прыкладна 110 млрд. долараў. 23 лютага 2009 года ВФБ падпісала мемарандум аб супрацоўніцтве з Беларускай валютна-фондавай біржай, які скіраваны на "пабудову спрыяльнага інвестыцыйнага клімату і развіццё супрацоўніцтва фінансавых рынкаў дзвюх краін".

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН