Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2009/03/23/by_media_khatyn/
Дата раздрукоўкі: 12.12.2018 21:59
23.03.2009 13:45 Відэа

Пісьменніца Алена Кобец-Філімонава: У трагедыі Хатыні шмат у чым вінаватыя партызаны

Члены секцыі "Мемарыял" Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры 22 сакавіка ўшанавалі памяць загінулых у Хатыні.

Прыблізна 10 членаў секцыі наведалі мемарыяльны комплекс "Хатынь", дзе ўсклалі да помніка спаленым жыхарам вёскі кветкі і паставілі свечкі.

Даследчык гісторыі знішчэння Хатыні пісьменніца Алена Кобец-Філімонава лічыць, што шмат у чым у трагедыі Хатыні вінаватыя партызаны. Паводле яе слоў, яны парушылі свой жа загад не заходзіць у вёскі, не правакаваць рэпрэсіі.

"Тым не менш, у той час калі фашысты акружылі вёску, партызаны ў Хатыні былі. Яны парушылі загад і паставілі пад знішчэнне мірных жыхароў", — лічыць А.Кобец-Філімонава.

"Калі я збірала матэрыял для кнігі "Распятая Хатынь", у архіве гісторыі партыі мне сказалі: калі напішаце, што падчас знішчэння жыхароў у Хатыні былі партызаны, мы зробім усё, каб ваша кніга не выйшла. У той час пісалі шасцітомнік аб партызанскім руху ў Беларусі, і была забарона Машэрава пісаць аб тым, што па віне партызанаў была спалена Хатынь", — зазначыла яна.

Паводле слоў пісьменніцы, у яе было шмат цяжкасцяў, нават пагроз у яе бок і бок яе сям`і.

"Шчыра прызнацца, мне было страшна. Мне пагражалі, былі нават званкі дамоў на тэму "падумайце пра свайго сына", — заўважыла А.Кобец-Філімонава.

Пасля ультыматуму пісьменніцы да Масквы: ці я пішу праўду, ці адмаўляюся ад выдання кнігі, ёй дазволілі пісаць праўду.

Як сказаў БелаПАН святар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Леанід Акаловіч, Хатынь — гэта сімвал пакутнай Беларусі і ўсяго беларускага народа.

"Хатынь — вельмі старажытная вёска. Яна паўстала ад славянскага імені "Хатынег", што значыць "хацець негі, пяшчоты". Тут адвеку жылі працавітыя людзі, якія дбалі пра свой дабрабыт, але нямецкая навала парушыла іх спакой, — сказаў Л.Акаловіч. — Тут забівалі сотнямі людзей, якія хацелі проста жыць і ратаваць сваю зямлю, сваё багацце і сям`ю. І гэтая віна, вядома, ляжыць на тых, хто яшчэ мусіць пакаяцца. Дараваць забойцам можна толькі тады, калі будзе пакаянне ў сваіх грахах перад Госпадам, перад народам, перад Хатынню".
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН