Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2009/03/26/eu_eu_293548_293552/
Дата раздрукоўкі: 17.11.2019 09:58
26.03.2009 10:51 Грамадства, Беларусь — Eўрасаюз, Палітыка

У Таліне на будынку па вуліцы Вене, дзе з 1920 па 1925 гады размяшчалася ваенна-дыпламатычная місія БНР, адкрыта мемарыяльная дошка

Гомель, 26 сакавіка. У Таліне прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да 91-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Як паведаміў БелаПАН студэнт Тартускага універсітэта Ігар Случак, 25 сакавіка ў гістарычным цэнтры эстонскай сталіцы прайшло ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі на будынку па вуліцы Вене, дзе з 1920 па 1925 гады размяшчалася ваенна-дыпламатычная місія БНР у Эстоніі пад кіраўніцтвам генерал-лейтэнанта Алега Корчака-Крыніцы-Васількоўскага. З прывітальным словам да прысутных звярнуліся члены Рады БНР Юрый Юркевіч і Павел Марозаў.

"Корчак-Крыніца-Васількоўскі — якраз той прыклад, які разбурае ідэалагему савецкага часу, што беларусы — гэта сяляне, людзі без адукацыі. Гэта быў генерал пры двары апошняга расійскага імператара, самы малады генерал царскай арміі. Падчас службы ў якасці пасла БНР у Эстоніі меў добрыя адносіны з маршалам Фінляндыі Манергеймам і галоўнакамандуючым эстонскай арміі Лайдонерам. Таксама ён быў багатым чалавекам, але пры гэтым мецэнатам і філантропам, пры яго падтрымцы ў Таліне былі пабудаваныя дзве царквы. У Таліне ён пражыў да 1940 года, пакуль савецкая ўлада, акупіраваўшы Эстонію, яго не расстраляла. Для нас з'яўляецца вялікім гонарам, што ў беларусаў быў такі вялікі пасол БНР у Эстоніі", — зазначыў П.Марозаў, дырэктар беларуска-эстонскай арганізацыі Valgevene Uus Tee ("Новы шлях для Беларусі"), член Рады БНР.

Намеснік старшыні Аб'яднання беларусаў Вялікабрытаніі і Рады БНР Мікола Пачкаеў, які прыбыў на адкрыццё памятнай дошкі з Лондана, зачытаў віншаванне старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы з нагоды адкрыцця памятнай дошкі ў Таліне і Дня незалежнасці БНР. Яму ж было дадзена права адкрыць памятную дошку.

"Сёння была ўвекавечана яшчэ адна старонка гісторыі беларуска-эстонскіх адносінаў. З моманту свайго нараджэння Эстонская Рэспубліка і БНР заўсёды дапамагалі і падтрымлівалі адна адну. За незалежнасць Эстоніі са зброяй змагаўся Асобны атрад БНР пад камандаваннем генерала Станіслава Булак-Балаховіча, а Эстонія адной з першых прызнала незалежнасць БНР", — падкрэсліў І.Случак.

На адкрыцці мемарыяльнай дошкі прысутнічалі прадстаўнікі беларускай дыяспары, эстонскія грамадзянскія актывісты, палітыкі. Затым у эстонскім парламенце адбыўся прыём у віцэ-спікера Крысціны Оюланд з нагоды Дня незалежнасці БНР. У адной з залаў парламента прайшоў круглы стол з удзелам дэпутатаў эстонскага парламента і беларусаў на тэму двухбаковых адносінаў. На сустрэчы прысутнічалі таксама кіраўнікі дзвюх парламенцкіх груп па супрацоўніцтве з Беларуссю. Першую прадстаўляў прэзідэнт парламенцкай рабочай групы па Беларусі дэпутат парламента ад Партыі рэформ Сельвер Мейкар (яго група мае на мэце развіццё дэмакратыі ў Беларусі), а другую — старшыня міжпарламенцкай рабочай групы "Эстонія — Беларусь", дэпутат ад цэнтрысцкай партыі Уладзімір Вельман, чыя група з'яўляецца прыхільніцай супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі.

Ініцыятарам і арганізатарам урачыстых мерапрыемстваў была Valgevene Uus Tee.
Алена Германовіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН