Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2009/04/03/by_media_kuropaty/
Дата раздрукоўкі: 17.02.2019 11:00
03.04.2009 14:34 Відэа

Антон Астаповіч: Задэклараваная міліцэйская ахова Курапат аказалася неэфектыўнай — на працягу некалькіх гадзін зламыснікі раскопвалі пахаванні

Чарговы факт вандалізму зафіксаваны ва ўрочышчы Курапаты, дзе пахаваны ахвяры сталінскіх рэпрэсій.

Як паведаміў БелаПАН старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, увечары 2 красавіка актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Уладзімір Юхо выявіў ва ўрочышчы дзве ямы памерам метр на метр і метр на два з паловай метры глыбінёй з чалавечы рост.

З ямы выкінуты чалавечыя косці, старыя рэчы. Да месца здарэння раніцай 3 красавіка прыбылі кіраўнікі КХП-БНФ, якія выклікалі нарад міліцыі.

У інтэрв`ю БелаПАН А.Астаповіч адзначыў: "Прыехала следчая група, эксперты — яны працуюць. Але ж у выніку таго, што, практычна, ні адна крымінальная справа па вандалізму ў Курапатах не была завершана, у мяне вельмі слабыя спадзяванні, што і гэтая справа будзе даведзена да лагічнага канца".

Наконт мэтаў зламыснікаў грамадскі лідэр выказаў такія меркаванні: "Тут можна думаць што заўгодна — ад нейкіх палітычных мэтаў, каб у чарговы раз зганьбаваць мемарыял, але ж, у першую чаргу, я думаю, гэта ўсё-такі чорныя капальнікі, якія менавіта на касцях дастаюць рарытэты".

"Каб выкапаць гэтыя шурфы, — кажа А.Астаповіч, — трэба некалькі гадзін работы. Такім чынам, нягледзячы на задэклараваную праваахоўнымі органамі ахову Курапат сіламі патрульна-паставой службы і экіпажамі ДАІ, якія патрулююць трасу Калодзішчы — Заслаўе, такая міліцэйская ахова аказалася зусім не эфектыўная".

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН