Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2009/04/10/297024_297040/
Дата раздрукоўкі: 28.01.2020 17:55
10.04.2009 14:46 Грамадства, Эканоміка

Аператар velcom аднавіў прыём СМС з сеткі life:) у Беларусі

Мінск, 10 красавіка. Аператар мабільнай сувязі velcom (ЗП "Вэлком") аднавіў прыём СМС-паведамленняў з сеткі мабільнага аператара life:) (ЗАТ "БеСТ"). Як заявілі ў velcom, праведзеная праверка выявіла, што спам рассылаўся з украінскай сеткі life:).

Раней паведамлялася, што 9 красавіка velcom заблакаваў зыходныя з сеткі life:) СМС-паведамленні, абвінаваціўшы аператара ў рассыланні спаму.

"За апошні час некалькі тысяч абанентаў velcom атрымалі СМС рэкламнага характару з інфармацыяй аб тарыфе "Сусветны" аператара life:). Шматлікія скаргі карыстальнікаў сеткі velcom вымусілі кампанію зрабіць непапулярны крок па прыпыненні атрымання СМС з сетак life:). Праведзеная дэталёвая праверка выявіла, што ўсе рэкламныя СМС былі ініцыяваныя СМС-цэнтрам кампаніі life:) (Украіна)", — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні ЗП "Вэлком".

"Паколькі дэталёвая праверка не выявіла спаму з СМС-цэнтра беларускага аператара life:) і з мэтай мінімізацыі нязручнасцяў для жыхароў Беларусі, кампаніяй прынята рашэнне аднавіць атрыманне СМС-паведамленняў з беларускага аператара life:) з паралельным правядзеннем перамоў аб падпісанні пагаднення аб супрацьдзеянні спам-рассылкам", — гаворыцца ў паведамленні.

Прыняццю рашэння аб аднаўленні прыёму СМС-паведамленняў папярэднічала заява генеральнага дырэктара ЗАТ "БеСТ" Азджана Эрміша. Ён назваў рашэнне аператара velcom аб адключэнні выходных з іх сеткі СМС-паведамленняў "непаразуменнем, якое неўзабаве будзе вырашана". Паводле меркавання Эрміша, такія дзеянні, як блакаванне СМС-трафіка, — "цалкам не сумяшчальныя з палітыкай кампаніі life:) і палітыкай астатніх аператараў сотавай сувязі Беларусі" .

Ён таксама паведаміў, што цяпер праходзіць акцыя "Прывядзі сябра ў свет life:)", падчас якой любы абанент гэтага мабільнага аператара можа адправіць сваім родным і блізкім бясплатнае запрашэнне падключыцца да life:). "Але гэта абсалютна добраахвотнае рашэнне нашых абанентаў — адпраўляць або не дадзенае СМС. Мы даем ім такую магчымасць. А прымаюць рашэнне яны самі. Мы не адмаўляем, што наша акцыя "Прывядзі сябра ў свет life:)" скіравана на павелічэнне нашай абаненцкай базы, але гэта адкрытая, сумленная канкурэнцыя", — лічыць Эрміш.

Паводле яго слоў, ЗАТ "БеСТ" ажыццяўляе сваю дзейнасць у рамках дзейнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь. СМС-перапіска паміж абанентамі не з'яўляецца спамам. "Заблакаваўшы СМС-трафік з сеткі, кампанія "Велком" парушыла найперш інтарэсы абанентаў, грамадзян Беларусі. Сваімі дзеяннямі аператар velcom пазбавіў сваіх абанентаў права выбару", — лічыць кіраўнік кампаніі.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН