Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2009/04/22/299632_299663/
Дата раздрукоўкі: 28.03.2020 21:17
22.04.2009 18:32 Эканоміка

Кніга Яраслава Раманчука "У пошуках эканамічнага цуда. Урокі для Беларусі" атрымала Гран-пры прэстыжнага міжнароднага конкурсу

Мінск, 22 красавіка. Кніга кіраўніка навукова-даследчага цэнтра Мізеса (Мінск) Яраслава Раманчука "У пошуках эканамічнага цуда. Урокі для Беларусі" атрымала Гран-пры міжнароднай прэміі імя сэра Энтані Фішэра ад Atlas Economic Research Foundation (ЗША) у катэгорыі "маладыя інстытуты".

Atlas Economic Research Foundation — няўрадавая арганізацыя, якая падтрымлівае інтэлектуальнае прадпрымальніцтва ва ўсім свеце. Пачынаючы з 1990 годы яна прысуджае міжнародную прэмію імя сэра Энтані Фішэра — самага аўтарытэтнага брытанскага эканаміста, які заснаваў такія прызнаныя ва ўсім свеце арганізацыі, як Institute of Economic Affairs (Брытанія), Frazer Institute (Канада), Adam Smith Institute (Брытанія) і інш. Прэміі прысуджаюцца "за абарону ідэй свабоды шляхам публікацыі кніг, часопісаў, манаграфій і даследаванняў, якія ў найбольшай ступені дапамагаюць людзям зразумець свабоднае грамадства". У склад журы ўваходзяць аўтарытэтныя эканамісты з ЗША, Еўропы, Азіі і Паўднёвай Амерыкі.

Паводле звестак прэс-службы цэнтра Мізеса, з больш чым 80 намінацый кніга беларускага эканаміста прызнаная найлепшай. Узнагарода будзе ўручана 24 красавіка ў Лос-Анджэлесе падчас Atlas Liberty Forum-2009 у прысутнасці больш чым 300 эканамістаў з больш як 40 краін свету.

Раманчук ужо з'яўляецца лаўрэатам прэміі сэра Энтані Фішэра (2006) і ўзнагароды Templeton Freedom Award (2007). "Высокая ацэнка кнігі "У пошуках эканамічнага цуда" з боку сусветнай эканамічнай эліты з'яўляецца доказам высокага ўзроўню навуковага аналізу, аналітычных даследаванняў, праведзеных Раманчуком, НДЦ Мізеса і яго калегамі ў Беларусі", — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Падчас візіту ў ЗША Раманчук плануе прадставіць антыкрызісную праграму для Беларусі і базавыя рэкамендацыі па выхадзе з крызісу краін, якія развіваюцца, і пераходных краін. Апрача выступленняў у Лос-Анджэлесе запланаваны прэзентацыі ў Cato Institute (Вашынгтон), Гандлёвай палаце ЗША, Цэнтры міжнароднага прыватнага прадпрымальніцтва (CIPE) і іншых навуковых, даследчых цэнтрах ЗША.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН