Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2009/04/25/300477_300483/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 03:34
25.04.2009 17:27 Эканоміка

Сяргей Сідорскі: Прадпрыемствы павінны працягваць мадэрнізацыю сваёй вытворчасці

Мінск, 25 красавіка. Прадпрыемствы Беларусі павінны працаваць устойліва і працягваць мадэрнізацыю сваёй вытворчасці. Пра гэта, як паведамляе прэс-служба ўрада, заявіў 25 красавіка журналістам прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі падчас наведвання Мінскага завода колавых цягачоў.

Ён перакананы, што ва ўмовах звужэння сусветнага рынку пад уплывам фінансавага крызісу беларускім прадпрыемствам неабходна максімальна перабудаваць вытворчасць з выкарыстаннем інавацыйных тэхналогій і выходзіць на новыя рынкі, дзе ёсць попыт на прадукцыю. Прыводзячы ў прыклад МЗКТ, прэм'ер сказаў, што ўказ па падтрымцы гэтага прадпрыемства, прыняты некалькі гадоў таму, спрацаваў. Закупленае абсталяванне адпавядае лепшым замежным аналагам. Акрамя таго, прадпрыемства сапраўды выйшла на вытворчасць тэхнікі якасна новага ўзроўню.

Тэхпераўзбраенне завода дазволіла скараціць выдаткі да паўтара разу. "Зараз мы павінны максімальна пераарыентаваць вытворчасць і выходзіць на тыя рынкі, дзе ёсць патрэба ў тэхніцы, якую мы вырабляем", — рэзюмаваў прэм'ер.

Ён таксама паведаміў, што ўрад выдзеліць МЗКТ 15 млрд. рублёў на падтрыманне абаротных сродкаў. Умовай аказання дзяржпадтрымкі з'яўляецца тое, што, "прыкладна, на працягу шасці-сямі месяцаў гэтыя грошы эканоміка Беларусі павінна атрымаць назад за кошт продажу тэхнікі ў Расію, у краіны Блізкага Усходу і азіяцкія краіны", сказаў Сідорскі.

Прэм'ер-міністр лічыць неабходным развіваць пастаўку тэхнікі па лізінгу. Ён растлумачыў, што ў цяперашніх умовах на рынку пакупнікам не хапае грошай, але патрэба ў тэхніцы МЗКТ ёсць. Як падкрэсліў С.Сідорскі, пры рэалізацыі тэхнікі па гэтай схеме павінна гарантавацца аплата на працягу паўтара-трох гадоў. Па меркаванні кіраўніка Саўміна, такія тэрміны з'яўляюцца "нармальнымі". "Урад будзе гатовы падтрымаць і гэты кірунак", — сказаў ён.

Сідорскі паведаміў, што больш за 70% тэхнікі прадпрыемства закантрактавана на гэты год. "Але кантракты ляжаць на стале, і важна атрымаць грошы па іх", — дадаў прэм'ер.

Як паведаміў журналістам галоўны інжынер прадпрыемства Андрэй Галавач, МЗКТ заключыў кантракты на суму 167,3 млрд. рублёў, што складае 70% планавага ўзроўню вытворчасці ў 2009 годзе. На астатнія 30% ужо ёсць праекты дагавораў з пакупнікамі. Прадпрыемства вядзе актыўную працу па пашырэнні рынкаў збыту сваёй прадукцыі. Нядаўна партыя аўтамабіляў была адпраўлена ў ААЭ. Рыхтуецца да заключэння дагавор на пастаўку наступнай партыі.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН