Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2009/05/14/eu_eu_303851/
Дата раздрукоўкі: 23.02.2020 22:03
14.05.2009 09:16 Культура, Беларусь — Eўрасаюз, Грамадства

Фрыд Нільзен: Калі едзеш па Беларусі, бачыш, наколькі яна еўрапейская

Да добрага прывыкаеш хутка. Канцэрты, кінапаказы, выставы і іншыя мерапрыемствы, якія арганізуе або падтрымлівае пасольства Германіі, сталі зусім прывычнымі і ў сталіцы, і ў іншых беларускіх гарадах. Здаецца, што і дарадчык германскай дыпмісіі Фрыд Нільзен працаваў у Мінску заўсёды.
З намеснікам пасла мы сустракаемся ў яго кабінеце, каб пагаварыць пра фестываль "Імгненні арганнай музыкі", які ідзе ў Беларусі другі год. Але размова выходзіць за ўсе запланаваныя рамкі: мы абмяркоўваем кнігі, якія нямецкі дыпламат піша і публікуе сам, беларускія пейзажы і фауну, таленавітых музыкантаў і нават хакей.

"У нас, у Беларусі", — гаворыць Фрыд Нільзен і расказвае пра тую Беларусь, якую ён адкрыў для сябе і з якой абавязкова хоча пазнаёміцца.

100 арганаў для беларусаў

У Беларусі вельмі багатая музычная гісторыя, якая, на жаль, не так шырока вядомая. Яе залаты век прыпадае на XIX стагоддзе — не ў апошнюю чаргу дзякуючы намаганням такіх вядомых беларускіх сем`яў, як Радзівілы. І сур`ёзная частка гэтай музыкі — арганная. У нас, у Беларусі, каля 100 арганаў, з іх 10 — у выдатным стане і гатовыя да канцэртаў, — кажа Нільзен.

Менавіта каля ста, нічога дзіўнага, нямецкі дыпламат пералічвае: гэта і нямецкія арганы, і вельмі старыя арганы, інструменты ў цэрквах і канцэртных залах. Ужо сваім існаваннем яны гавораць пра багацце музычнага ландшафту краіны.

Фестываль арганнай музыкі ў Беларусі вырас выпадкова з аднаго канцэрта. "Калі ж гэта было? — задумваецца Нільзен. — Які цяпер год?"

У снежні 2007 года бацькамі "Імгненняў арганнай музыкі" сталі таксама Клаус Баер, кіраўнік праўлення Нямецка-беларускага эканамічнага клуба і арганіст-аматар, і Уладзімір Неўдах, галоўны арганіст мінскага касцёла Панны Марыі.

Ідэя была менавіта ў тым, каб ажывіць арганы і вярнуць да жыцця арганныя творы, паказаць беларусам, ды і замежжу, усё багацце айчыннай музычнай гісторыі. Гэты фестываль стаў фактычна адным з найбуйнейшых у свеце, адзначае Нільзен з надзеяй і гордасцю. Для ўдзелу запрашаюцца як маладыя таленты, так і прызнаныя арганісты — у асноўным з Германіі і Аўстрыі, але і беларускія таксама. Яны іграюць творы ўсіх перыядаў гісторыі арганнай музыкі — з самага яе зараджэння да сучасных аўтараў, у тым ліку беларускіх. Паралельна з канцэртамі праходзяць майстар-класы для маладых беларускіх арганістаў і конкурсы для маладых кампазітараў.

Пачуў Беларусь — раскажы іншаму

Не буду перабольшваць, кажа Нільзен, "Імгненні арганнай музыкі" выконваюць сваю сціплую місію: знаёмяць з арганнай музыкай. "Арган — гэта цэлы свет", — упэўнены ён. Гледачы і музыканты расказваюць аб канцэртах, дзякуючы вялікай колькасці гасцей множацца знаёмствы: хтосьці вяртаецца, хтосьці запрашае знаёмых, так кола расце, расце.

Сваю справу робіць і старонка ў інтэрнеце: http://orgelmomente.de. Тут ўсё, тлумачыць дыпламат, "і пакуль я жывы, яна будзе абнаўляцца". Для музыкантаў ёсць фота і дэталёвае апісанне арганаў: рэгістры, трубы, для гледачоў — інфармацыя аб канцэртах. "Беларусь павінна паказаць сваё скрытае багацце. Калі едзеш па краіне, то сустракаеш замкі, часцей за ўсё не ў лепшым стане. І ведаць не ведаеш, што ў вялікай колькасці вежаў барочных храмаў схаваны сапраўдны скарб. Трэба зайсці ў царкву, каб убачыць арган", — дзеліцца сакрэтамі Нільзен.

Хоць рэлігія тут ні пры чым. Гэта выпадковасць, дзівацтва гісторыі, што большасць арганаў стаіць у цэрквах, упэўнены ён. Ды і на канцэрты прыходзяць зусім не толькі католікі. Нямецкі дыпламат расказвае: дзіўна, але сярод гледачоў неверагодна шмат маладых людзей.

Арган — гэта інструмент, які можа больш за іншых, гатовы прапанаваць усё і адразу, гучаць высока, нізка, ціха, гучна, і кожны раз аднолькава цудоўна. Найбуйнейшы інструмент ва ўсіх сэнсаў! — лічыць дыпламат.

Нільзен заплюшчвае вочы: "А Пінск! Гэта ж фантастыка, які там арган, гэта проста цуд! А ў касцёле Панны Марыі на плошчы Свабоды цудоўная акустыка. Калі там гучаць усе творы... Чароўнасць і музычную сілу аргана немагчыма не адчуць, немагчыма не пранікнуцца ёю".

16 мая

У суботу, 16 мая, канцэрты пройдуць адначасова ў шасці залах і цэрквах — у Мінску, Ракаве, Брэсце, Пінску, Віцебску і Полацку. Пачнуцца ўсе яны прэм`ерай — кампазіцыяй маладога беларускага аўтара Вольгі Падгайскай "Час аргана", а затым кожны музыкант выканае сваю праграму. Увечары зносіны — музычныя і гастранамічныя — прадоўжацца ў садзе сталічнага касцёла святога Роха, запрашае Нільзен.

З дзяцінства ў царкве

Бацька Фрыда Нільзена — пратэстанцкі пастар. Усе яго сем братоў і сясцёр іграюць на аргане, а ён, не будучы паслухмяным дзіцем, з цяжкасцю цярпеў урокі ігры на фартэпіяна, і тое са скандаламі. Будучы нямецкі дыпламат рос у доме пастара побач з царквой і могілкамі. "Калі мяне пыталіся, кім я хачу быць, я гаварыў: начальнікам на могілках або ў царкве", — ён усміхаецца ўспамінам.

На апошніх выхадных Нільзен ездзіў у Дзяржынск і не хацеў вяртацца ў сталіцу — так добра было за горадам, на свежым паветры. Тлумачыць: ён з задавальненнем жыў бы ў вёсцы, але як Радзівілы — з вялікім домам і паркам, завёў бы яшчэ авечак, коз. Маўляў, вось было б прыгожае жыццё!

Музычны турызм

На думку намесніка кіраўніка нямецкага пасольства, да развіцця турызму ў Беларусі трэба падыходзіць сур`ёзна, а арганная музыка можа адыграць тут вялікую ролю. Няхай не першай скрыпкі, але забываць пра яе нельга. Вось адрэзак: Брэст — Пінск. Там можна прапанаваць тыднёвы тур на прыпяцкіх балотах, аб`яднаўшы пейзажы з царкоўна-музычнай складальнай Беларусі. З аднаго боку, гаворыць Нільзен, паказаць унікальнае багацце флоры і фауны, узяць хаця б птушак, якіх няма больш нідзе ў свеце. З другога — цэрквы і саборы. І такія туры можна арганізоўваць у любым рэгіёне, каб паглядзець той жа Полацк, Ракаў, Івянец, пералічвае ён.

У мяне нават ёсць мара — у адным арганным канцэрце ўздоўж па Дзвіне злучыць Рыгу, Даўгаўпілс, Полацк і Віцебск. У такім Арганным шляху. Бо гэтыя гарады звязаныя, а агульная ў іх не толькі музычная гісторыя, — расказвае дыпламат.

Барочная Беларусь

Нільзен скардзіцца, што пра беларускую культуру мала вядома. Так, немцы прыязджаюць з уяўленням, што той жа Гродна больш падобны на гарады ў Сібіры. І што ж? Ён такі ж барочны, як паўночная частка Германіі. "Пінскам я наогул не стамляюся захапляцца, — кажа ён, — гэта проста палескі брыльянт".

Апошнім часам у Беларусі сталі аднаўляць некалькі важных культурных помнікаў, рэстаўруюць Нясвіж, вяртаюць гістарычныя будынкі ў Мінск: у стары горад, Лошыцу. У сталіцу таксама вяртаецца барока, рады нямецкі дыпламат.

Паводле яго слоў, рэстаўраваць старыя замкі, сядзібы і паркі вельмі важна. Гэта візуальна і на практыцы аднаўляе культуру, культурнае жыццё, культурныя каштоўнасці і мае фундаментальнае значэнне. Сацыёлагі гавораць, зазначае Нільзен, што культурныя помнікі даюць уяўленне аб тым, як было і як можа быць: інакш, калі ты штосьці будуеш, як ты можаш даведацца, што табе трэба? Кожнай вёсцы патрэбныя царква або замак, і нават маленькім гарадам патрэбнае культурнае жыццё.

Пра Беларусь павінны ведаць, упэўнены дыпламат. Трэба больш добрых кніг на англійскай, нямецкай, польскай, любых іншых мовах. Кніг, напісаных экспертамі, — пра беларускую культуру, гісторыю, літаратуру, музыку, мастацтвы. "Гэтая краіна — гістарычная частка Еўропы. Мы такія блізкія геаграфічна, але дагэтуль вельмі далёкія адзін ад аднаго псіхалагічна. Да Берліна тысяча кіламетраў — як ад горада, дзе я нарадзіўся, да Вены. А для нас аўстрыйская сталіца побач. Тысяча кіламетраў — сёння не адлегласць", — лічыць ён.

Калі едзеш па Беларусі, то бачыш, наколькі яна еўрапейская: гэтыя старыя будынкі, барочныя купалы на кожным кутку. Як ехаць у Вільнюс, яны наогул і з правага боку дарогі, і з левага. Праўда і тое, што я ніколі не адчуваю сябе тут чужым, — кажа Нільзен.

Мы цікавімся, які загаловак ён даў бы сваёй кнізе пра Беларусь. Дыпламат уздыхае: ён шэсць гадоў думаў, як назваць сваю кнігу пра Грузію, дзе працаваў тры гады. Задумваецца: "Штосьці пра барока? Але гэта ж ніхто не зразумее. Беларусь: зялёная і блакітная?… Тут усюды паркі або лясы і абавязкова азёры. Мне гэта ўвесь час кідаецца ў вочы".

Надзея на хакей

Нільзен тлумачыць: ён вельмі, вельмі, вельмі рады, што чэмпіянат свету па хакеі ў 2014 годзе пройдзе менавіта ў Беларусі. "Хакей, канешне, не футбол, але амаль футбол", — гаворыць ён. Чэмпіянат можа стаць сур`ёзным штуршком для эканамічнага развіцця краіны. Да прыёму дзесяткаў тысяч гасцей трэба будзе падрыхтавацца, патрэбны новыя авіярэйсы, больш цягнікоў, і больш хуткасных, новыя гатэлі, кафэ, рэстараны…

Гэты чэмпіянат стане візітнай карткай Беларусі, упэўнены дыпламат, бо ў гэтыя дні краіна пакажа сябе ўсяму свету. Таму было б разумна правесці матчы не толькі ў Мінску, але і ў правінцыі. Каб госці ўбачылі не толькі сталіцу і бліжэй пазнаёміліся з цудоўнай Беларуссю. І, магчыма, палюбілі яе.
Марына Рахлей, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН