Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2009/05/25/eu_eu_eu1141_306457/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2018 10:13
25.05.2009 17:17 Беларусь — Eўрасаюз, Грамадства

"Аддаваць" медыясферу ўлады не маюць намеру

На VII з`ездзе Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), які прайшоў 22 мая, абмяркоўвалася сітуацыя ў медыясферы ў Беларусі, а таксама былі прынятыя спецыяльныя звароты да прэм`ер-міністра і парламентарыяў. У пастанове з`езда сфармулявана задача "максімальна выкарыстоўваць у інтарэсах свабоды слова, развіцця незалежных СМІ новую сітуацыю ў адносінах паміж Беларуссю і ЕС". Аднак, як зазначаюць эксперты, улады наўрад ці згодзяцца на радыкальнае рэфармаванне ў сферы сродкаў масавай інфармацыі.

У звароце да прэм`ер-міністра Сяргея Сідорскага БАЖ просіць вярнуць у прававое поле сітуацыю з распаўсюджваннем недзяржаўных выданняў. Звяртаецца ўвага на тое, што з канца 2005 года паўтара дзесятка недзяржаўных грамадска-палітычных выданняў выключаныя з дзяржаўнай сеткі распаўсюджвання па падпісцы, якое ажыццяўляе рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства "Белпошта". "Шматлікія звароты мясцовых арганізацый БАЖ у "Белпошту", у Міністэрства сувязі і інфарматызацыі (у сістэму якога ўваходзіць "Белпошта") ні да чаго не прывялі", — гаворыцца ў пасланні.

Паводле звестак БАЖ, аналагічная сітуацыя складваецца і з продажам газет "Белсаюздрукам". "Адмовы на распаўсюджванне недзяржаўных газет, як правіла, матывуюцца эканамічнымі прычынамі. Аднак многія з выданняў, якія выключаны з падпісных каталогаў і не прадаюцца ў кіёсках "Саюздруку", уваходзілі ў лік лідэраў продажу ў сваіх рэгіёнах. "Адмова прадпрыемстваў "Белпошта" і "Саюздрук" ад рэальных грошай ва ўмовах эканамічнага крызісу выклікае неўразуменне, таксама як і спроба спаслацца на свабоду суб`ектаў гаспадарання ў заключэнні дагавораў", — зазначаецца ў звароце.

Дэлегаты з`езда БАЖ прыйшлі да высновы, што адбываецца свядомая эканамічная і прававая дыскрымінацыя недзяржаўнай грамадска-палітычнай прэсы, замах на грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды грамадзян, у тым ліку на свабоду меркаванняў, права шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю. "Такія абмежаванні не заснаваныя на законе і не могуць быць прызнаныя ў дэмакратычным грамадстве", — лічаць члены БАЖ.

У звароце да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў БАЖ просіць не прымаць папраўкі ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія тычацца ўвядзення адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў. На думку БАЖ, вельмі расплыўчатая і недакладная фармулёўка паняцця "экстрэмізм", якая ўтрымліваецца ў законе аб супрацьдзеянні экстрэмізму, дае магчымасць "прызнаваць экстрэмісцкімі неабмежаваную колькасць матэрыялаў па адвольным меркаванні правапрымяняльных органаў (і найперш — КДБ)". Выпадкі з часопісам "Arche", газетай "Свабода", выданнем беларускіх палякаў "Glos znad Niemna na uchodzstwie" наглядна дэманструюць, як адвольна можа выкарыстоўвацца гэты закон.

"Устанаўленне адміністрацыйнай адказнасці за выраб і распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў азначае яшчэ большае размыванне фармулёўкі "экстрэмізм" і верагоднасць рэзкага павелічэння колькасці правапарушэнняў, якія могуць трапіць пад гэтае азначэнне. Падрыхтаваныя змяненні ў заканадаўства пагаршаюць становішча нават у параўнанні з вельмі недакладным законам", — гаворыцца ў звароце з`езда.

Дэлегаты VII з`езда БАЖ заклікалі Палату прадстаўнікоў адхіліць запланаваныя прапановы адносна ўстанаўлення адміністрацыйнай адказнасці за выпуск, распаўсюджванне і захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў. Прапаноўваецца таксама ўнесці змяненні ў закон "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму" з улікам рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, каб даць недвухсэнсоўную фармулёўку дзейнасці, якая трапляе пад азначэнне "экстрэмісцкая".

У цэлым жа, як зазначыла ў сваім выступленні старшыня БАЖ Жанна Літвіна (пераабраная на з`ездзе), адной з галоўных праблем беларускай журналістыкі цяпер з`яўляецца доступ да інфармацыі. "Улада ўсё больш закрываецца ад журналістаў, — канстатавала яна. — Гэтаму садзейнічае закон аб дзяржаўнай службе ў Беларусі, які абавязвае дзяржаўных служачых узгадняць з вышэйшым кіраўніцтвам любую інфармацыю, якая даецца журналістам. Як спосаб абмежавання інфармацыі выкарыстоўваецца і інстытут акрэдытацыі ў краіне. Асабліва гэта тычыцца тых журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ. З аднаго боку, Міністэрства замежных спраў у акрэдытацыі ім адмаўляе, з другога — за дзейнасць на замежныя СМІ іх папярэджвае пракуратура".

Акрамя таго, зазначыла Літвіна, на распаўсюджванне інфармацыі па-ранейшаму ўплываюць манапалісты ў распаўсюджванні газет — дзяржаўныя прадпрыемствы сістэмы "Саюздрук" і "Белпошта". Паводле слоў старшыні БАЖ, дагэтуль з названымі структурамі не могуць заключыць дагаворы на распаўсюджванне 13 недзяржаўных выданняў.

Як лічыць старшыня БАЖ, змене сітуацыі можа садзейнічаць нармалізацыя адносінаў паміж Беларуссю і ЕС. "Ва ўсіх рэкамендацыях аб лібералізацыі гэтых адносінаў існуе такі пункт, як патрабаванне паляпшэння сітуацыі са СМІ ў Беларусі. Менавіта гэтыя рэкамендацыі паўплывалі на тое, што ў дзяржаўную сістэму распаўсюджвання вярнуліся газеты "Народная воля" і "Наша Ніва", — зазначыла Літвіна. Яна падкрэсліла: пасля вяртання гэтыя выданні значна павялічылі свае наклады.

Як зазначае медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі, акрамя вяртання ў кіёскі "Cаюздруку" дзвюх недзяржаўных газет, можна зазначыць яшчэ той факт, што перарэгістрацыя СМІ адбываецца па заяўным прынцыпе. Норма пра абавязковую перарэгістрацыю ўтрымліваецца ў новым законе аб СМІ, які набыў моц у лютым.

Быкоўскі падкрэсліў, што пакуль яшчэ не ўсе СМІ перарэгістраваліся, таму нельга прадказаць, які будзе вынік гэтай кампаніі. Пакуль жа інцыдэнтаў не было.

Гаворачы аб тым, што трэба зрабіць для паляпшэння сітуацыі ў беларускай медыясферы, эксперт падкрэсліў: неабходны комплексныя меры. "Па-першае, забяспечыць роўнасць правоў дзяржаўнай і недзяржаўнай прэсы на расцэнкі ў сферы друку і распаўсюджвання. Гэта вельмі важны фактар, таму што расцэнкі вельмі моцна адрозніваюцца. І гэта ставіць у няроўныя ўмовы дзяржаўныя і недзяржаўныя СМІ", — сказаў ён.

Акрамя таго, нельга выкарыстоўваць манапалізаваную дзяржавай сістэму распаўсюджвання як інструмент палітычнага націску на СМІ. "Гэтая сістэма павінна быць дэманапалізаваная, а ўсе ахвотныя павінны мець да яе доступ", — падкрэсліў Быкоўскі.

Яшчэ адной праблемай Быкоўскі назваў існуючую ў Беларусі сістэму акрэдытацыі. "Па ідэі, яна павінна выкарыстоўвацца для паляпшэння магчымасцей супрацоўніцтва журналіста з тым або іншым органам, пры якім адбываецца акрэдытацыя, — сказаў эксперт. — Але фактычна гэтая сістэма выкарыстоўваецца як інструмент націску. Прэцэдэнт з адмовай у акрэдытацыі ў Палаце прадстаўнікоў журналістцы "Народнай волі" паказвае, што згаданае пытанне не вырашана дагэтуль".

Пры гэтым Быкоўскі падкрэсліў, што праблемы распаўсюджвання і роўных умоў для дзяржаўных і недзяржаўных СМІ абмяркоўваюцца фактычна з часу прыходу Аляксандра Лукашэнкі да ўлады. "Але пакуль рэальных рашэнняў у гэтай галіне не прымалася", — сказаў эксперт.

Варта зазначыць, што праблема свабоды слова згадвалася і ў славутых 12 умовах Еўрасаюза па наладжванні дыялогу з Беларуссю, і ў іх скарочаным да пяці пунктаў варыянце.

"Важна тое, што Еўрасаюз трымае гэтае пытанне на кантролі і рэагуе на абуральныя выпадкі, — лічыць Быкоўскі. — Але магчымасцей прамога ўплыву, акрамя заяў, што так рабіць нельга, у ЕС, на мой погляд, не існуе".

Даведка

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (БАЖ) — добраахвотнае, недзяржаўнае, непартыйнае аб`яднанне грамадзян, якія займаюцца прафесійнай журналісцкай дзейнасцю або садзейнічаюць яе развіццю. БАЖ дзейнічае з восені 1995 года. На 19 мая 2009 года арганізацыя налічвала 1 157 членаў. Робіць акцэнт на развіцці свабоды слова, абароне інтарэсаў недзяржаўнай прэсы.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН