Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2009/06/17/by_media_hatyn_v2/
Дата раздрукоўкі: 16.12.2019 11:32
17.06.2009 20:45 Відэа

Архітэктар Леанід Левін: Міністр культуры СССР заявіла нам, што мемарыял "Хатынь" — не сацыялістычнае мастацтва і павінен быць знесены пад бульдозер

17 чэрвеня ў Мінску прайшло пасяджэнне круглага стала, прымеркаванае да 40-годдзя адкрыцця мемарыяльных комплексаў "Хатынь" і "Курган Славы".

У пасяджэнні бралі ўдзел аўтары праекта комплексу "Хатынь" — лаўрэаты Ленінскай прэміі архітэктары Юрый Градаў і Леанід Левін.

Як успамінае Градаў, унутры творчага калектыву ішлі спрэчкі: ці выстаўляць праект на конкурс з ідэяй званоў? "Не сакрэт, што ў той час, — расказвае ён, — яшчэ працягвалі бушаваць страсці вакол барацьбы з рэлігіяй. Мы пабойваліся, што тэма званоў выкліча сумненні: а ці патрэбны ў гэтым мемарыяле царкоўны перазвон? Пайшлі ва-банк, і, на шчасце, не знайшлося чалавека, які б прамовіў пры абмеркаванні нашай працы гэтую фразу. Праект прайшоў усе інстанцыі без адзінага змянення. Мы называем "Хатынь" помнікам-дакументам — фактычна мы не змянілі нават планіровачную структуру гэтай вёскі: "паставілі" дамы там, дзе яны рэальна стаялі, вызначыўшы гэта па рэштках фундаментаў.

У той час, калі ў манументальным мастацтве квітнела гігантаманія, — тады будаваліся мемарыялы "Мамаеў курган", "Брэсцкая крэпасць", — наша "Хатынь" вытрымала камерны маштаб і таму, напэўна, доўга жыве".

Калегу падтрымаў Леанід Левін: "Гэта быў час росквіту сацрэалізму, які праяўляўся ў гігантаманіі і такім ілжэпатрыятычным выражэнні ўсяго, што гаварыла пра вайну. Мы сваёй працай паказалі, што можа быць і іншае вырашэнне гэтай тэмы.

Калі ў Маскве наш праект разглядаўся на вылучэнне на Ленінскую прэмію, міністр культуры Фурцава заявіла нам, што гэта не сацыялістычнае мастацтва, што такі помнік, у прынцыпе, павінен быць знесены пад бульдозер. Але за намі была рэспубліка, Пётр Міронавіч Машэраў і цвярозыя людзі ў бюро ЦК КПСС. <…>

Беларусь пайшла да свайго помніка, прычым ніхто не арганізоўваў людзей — ішлі са сваімі клункамі, усаджваліся каля кожнага згарэлага дома і паміналі тых, каго забрала вайна".

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН