Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2009/07/10/eu_eu_eu1834/
Дата раздрукоўкі: 16.06.2021 16:32
10.07.2009 08:31 Беларусь — Eўрасаюз, Грамадства

Паляпшэнне адносін Мінска з ЕС — яшчэ не нагода для згортвання медыяпраектаў для беларусаў і па-беларуску, лічаць эксперты

Яшчэ не так даўно фактычна штогод у Еўропе стартаваў новы радыё- або тэлепраект для Беларусі. Сёння ў наяўнасці адваротная тэндэнцыя: час у эфіры скарачаецца, фінансаванне праекта ўразаецца альбо яго і зусім закрываюць. З-за крызісу, з прычыны нармалізацыі адносін паміж Беларуссю і Бруселем або з-за неэфектыўнасці праектаў? Фактычна з усіх прычын адначасова.

Вяшчанне на Беларусь на мове тытульнай нацыі мае доўгую гісторыю. У 1950 годзе "Радыё Ватыкан" пачало рыхтаваць перадачы па-беларуску. У 1954 годзе па-беларуску загаварыла амерыканскае "Радыё Свабода", у 1958—1965 гадах беларуская мова гучала ў эфіры "Радыё Мадрыд".

Актыўна развіваліся такія праекты і ў апошняе дзесяцігоддзе. У кожнага з іх свой фармат, свае спонсары, свая аўдыторыя. У 2000 годзе ў эфір з Вільнюса выйшла "Балтыйская хваля", у 2004 годзе ў Стакгольме пачала працу беларуская служба Шведскага радыё, у кастрычніку 2005 года радыёстанцыя "Нямецкая хваля" з Бона стала выпускаць перадачу "Беларуская хроніка". У 2006 годзе з Беластока пачало вяшчаць "Радыё Рацыя", з Варшавы — "Еўрапейскае радыё для Беларусі", сталі выходзіць ў эфір тэлеперадачы "Акно ў Еўропу" на тэлеканале RTVi. У канцы 2007 года з'явіўся спадарожнікавы тэлеканал "Белсат", які транслюецца з Варшавы.

Але ўжо з 2008 года назіраецца адваротная тэндэнцыя. З-за недастатковага фінансавання "Нямецкая хваля" была вымушана пайсці на скарачэнне эфірнага часу перадачы для беларусаў на рускай і беларускай мовах. Вясной 2009 года перадача перастала існаваць, але навіны аб Беларусі на рускай і беларускай мовах выходзяць на частаце рускай службы.

Узніклі праблемы ў "Радыё Рацыя". У прыватнасці, шэраг беларускіх журналістаў звольніліся, палічыўшы, што з-за палітыкі кіраўніцтва праца радыё недастаткова прафесійная і занадта лакальная, арыентаваная ў асноўным на беларускую дыяспару ў рэгіёне Беластока.

З 6 ліпеня тэлеканал "Белсат" скараціў вяшчанне да чатырох гадзін у суткі, каб зэканоміць сродкі ў перыяд адпачынкаў. Пакуль паабяцана, што гэтае скарачэнне часовае, толькі на ліпень і жнівень, і 6 верасня "Белсат" вернецца да ранейшага аб'ёму вяшчання.

Між тым было некалькі скандалаў і вакол гэтага тэлеканала. Калі ў сакавіку 2009 года была звольнена дырэктар "Белсата", пайшлі размовы, што тэлеканал і зусім закрыюць. Маўляў, Польшча не хоча сварыцца з беларускімі ўладамі. Аднак праз тыдзень дырэктара аднавілі на пасадзе па просьбе кіраўніка МЗС Польшчы (гэта міністэрства — галоўны донар тэлепраекта).

А вось беларуская праграма Шведскага радыё з 1 верасня будзе закрыта. БелаПАН нават трохі заблытаўся ў версіях прычын, з-за якіх кіраўніцтва грамадскага радыё прыняло такое рашэнне.

Першапачаткова гаварылася аб аптымізацыі працы. Маўляў, паколькі беларусы разумеюць рускую мову і змогуць атрымліваць інфармацыю аб Швецыі ад рускамоўнай службы, перадачу на беларускай мове можна закрыць.

Пасля лістоў пратэсту, падпісаных вядомымі дзеячамі культуры Швецыі, пазіцыя кіраўніцтва Шведскага радыё, абвінавачанага траха не ў "дапамозе беларускаму рэжыму", змянілася. Падкрэслівалася, што палітычных прычын няма, проста беларускамоўная перадача не выканала пастаўленых задач, у прыватнасці не сабрала дастаткова слухачоў. Затым з'явілася прызнанне, што падлічыць радыёслухачоў немагчыма, а праблемы ў Шведскага радыё толькі фінансавыя: яно вымушана эканоміць сродкі.

Варта адзначыць, што прадстаўнікі шведскай радыёстанцыі з самага пачатку аспрэчвалі версію аб тым, што закрыццё беларускай перадачы звязана з наладжваннем адносін паміж Беларуссю і Еўрасаюзам: нібыта яна больш не патрэбна, паколькі краіна стала на шлях дэмакратычных рэформаў...

Аднак з той альбо іншай прычыны, але вяшчанне на беларускай мове Шведскае радыё спыняе.

Атрымліваецца, што ў той час, як Брусель у рамках кансультацый пераконвае беларускія ўлады ў неабходнасці зарэгістраваць "Белсат", "Радыё Рацыя", "Еўрапейскае радыё для Беларусі", беларускія медыяпраекты могуць быць закрыты тымі, хто іх і стварыў.

Аналітык Паўлюк Быкоўскі бачыць у аснове згаданай тэндэнцыі менавіта праблемы з фінансаваннем кожнай асобнай рэдакцыі. Падчас крызісу спрабуюць эканоміць не толькі за кошт вяшчання на Беларусь, адзначыў Быкоўскі. З-за недахопу фінансаў Бі-бі-сі было вымушана закрыць амаль усе свае часопісы. Рэдакцыі імкнуцца эканоміць грошы, не звальняючы супрацоўнікаў, гаворыць аналітык.

Акрамя таго, мяняецца ўяўленне аб электронных СМІ: радыё сёння слухаюць усё менш, усё большае значэнне набывае інтэрнет, нагадвае Быкоўскі.

Эксперт у галіне СМІ Алесь Анціпенка лічыць: на развіццё праектаў уплываюць іх эфектыўнасць і фінансавыя магчымасці, прычым эфектыўнасць цесным чынам звязана з фінансамі. Ён нагадвае: сусветны эканамічны крызіс прымушае ўрады розных краін пераглядаць праграмы, якія фінансуюцца з дзяржбюджэту. Адпаведна, неэфектыўныя закрываюцца.

На думку Анціпенкі, працэс наладжвання адносін паміж Мінскам і Бруселем — не тая нагода, якую можна выкарыстаць для закрыцця медыяпраектаў для Беларусі. Калі гаварыць аб унутранай сітуацыі, становішчы з захаваннем свабоды СМІ, то ёсць толькі невялікія паляпшэнні, але прагрэс — мізэрны, лічыць аналітык.

Анціпенка выказвае шкадаванне, што Шведскае радыё спыняе працу беларускай службы, але адзначае, што гэта рашэнне радыкальным чынам сітуацыю ў беларускай інфармацыйнай прасторы не зменіць.

Агульныя ж тэндэнцыі простыя, гаворыць аналітык. Чым больш цяжкасцей у грамадскім, палітычным і сацыяльным жыцці ў Беларусі, тым вышэй патрэба ва ўсебаковай інфармацыі.

На думку Алеся Анціпенкі, у найбліжэйшай перспектыве ёсць выразная неабходнасць у медыяпраектах, якія будуць спрыяць больш эфектыўнай камунікацыі з пэўнымі пластамі і субкультурамі, напрыклад з моладдзю.

Марына Рахлей, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239