Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2009/08/03/eu_eu_320593_320601/
Дата раздрукоўкі: 16.12.2019 10:34
03.08.2009 16:58 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Еўрасаюз асудзіў вынясенне ў Беларусі чарговага смяротнага прыгавору

Мінск, 3 жніўня. Еўрасаюз выказвае сур'ёзную заклапочанасць з прычыны чарговага смяротнага прысуду, вынесенага ў Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай 3 жніўня прэс-службай прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Мінску.

"Гэты смяротны прыгавор быў вынесены Мінскім абласным судом Андрэю Жуку. Месяцам раней быў вынесены яшчэ адзін смяротны прысуд", — адзначаецца ў дакуменце.

Еўрасаюз зноў заклікаў Беларусь адмяніць смяротную кару, а для пачатку — увесці мараторый на яе прымяненне.

Еўрасаюз нагадвае пра заявы, зробленыя ўрадам Беларусі на працягу апошніх гадоў, у якіх гаварылася аб намеры значна абмежаваць і ў канчатковым выніку адмяніць смяротную кару.

Таксама ЕС нагадвае пра рэзалюцыю Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, зацверджаную 23 чэрвеня 2009 года. У ёй гаворыцца аб гатоўнасці адмяніць часовае абмежаванне статусу спецыяльнага запрошанага ў ПАСЕ для беларускага парламента, калі ўлады Беларусі ўвядуць мараторый на смяротную кару.

У дакуменце падкрэсліваецца, што Еўрасаюз "выступае супраць прымянення вышэйшай меры пакарання ў любых справах і пры любых абставінах і паслядоўна заклікае да яе адмены па ўсім свеце". "ЕС упэўнены, што забарона смяротнай кары — гэта галоўны элемент абароны чалавечай годнасці і прагрэсіўнага развіцця правоў чалавека", — гаворыцца ў заяве.

Да заявы далучыліся краіны — кандыдаты на ўступленне ў ЕС: Турцыя, Харватыя і Былая Югаслаўская Рэспубліка Македонія, патэнцыяльныя краіны-кандыдаты: Албанія, Боснія і Герцагавіна, Чарнагорыя, Сербія, краіны Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю і краіны Еўрапейскай эканамічнай зоны Ісландыя і Нарвегія, а таксама Украіна.

Як раней паведамлялася, 17 ліпеня суд мінскай вобласці прызнаў двух жыхароў Салігорскага раёна вінаватымі ў забойстве двух работнікаў СВК "Бальшавік-Агра", якія перавозілі грошы для выплаты зарплаты работнікам сельгаспрадпрыемства. Злачынства было ўчынена 27 лютага 2009 года блізу вёскі Крывічы. 25-гадовага жыхара Салігорска суд прыгаварыў да вышэйшай меры пакарання — смяротнай кары, саўдзельніка забойства — да пажыццёвага заключэння.

29 чэрвеня Брэсцкі абласны суд прыгаварыў да смяротнай кары 30-гадовага жыхара Драгічынскага раёна, які прызнаны вінаватым ва ўчыненні серыі забойстваў пажылых жанчын.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН