Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2009/08/05/eu_eu_320947_320961/
Дата раздрукоўкі: 18.04.2019 19:42
05.08.2009 15:51 Грамадства, Беларусь — Eўрасаюз

На міжнародным канале Шведскага радыё будуць выключна навіны, ніякіх дэмакратычных праектаў, заявіў кіраўнік канала

Мінск, 5 жніўня. Міжнародны канал Шведскага радыё "будзе змяшчаць навіны, арыентавацца на слухачоў у Швецыі, ніякіх дэмакратычных праектаў". Пра гэта буйнейшай штодзённай шведскай газеце Dagens Nyheter за 5 жніўня заявіў кіраўнік гэтага канала Інгемар Лефгрэн, каментуючы рашэнне спыніць з 1 верасня 2009 года вяшчанне на беларускай мове.

"Інакш могуць узнікнуць пытанні, чаму мы не вяшчаем на мандарыне на Кітай ці на мовах Зімбабвэ на гэту краіну", — сказаў Лефгрэн.

Выданне таксама публікуе ў матэрыяле ліст пратэсту, падпісаны дэпутатамі парламента Швецыі, якія прадстаўляюць як партыі ўрадавай кааліцыі, так і апазіцыю. У звароце дэпутаты заяўляюць, што пасля спынення вяшчання "грамадзяне апошняй дыктатуры ў Еўропе будуць яшчэ больш ізаляваныя". Паводле іх меркавання, тлумачэнне кіраўніцтвам радыё прычын свайго рашэння — "проста знявага беларусаў".

Як БелаПАН паведамляў раней, Лефгрэн заявіў, што Шведскае радыё "зрабіла выбар на карысць вяшчання на адной з вялікіх еўрапейскіх моў, а менавіта — рускай, тым больш што гэта мова, якую разумеюць і ў Беларусі".

У інтэрв'ю БелаПАН адказная за распаўсюджанне міжнародных праграм Эле-Кары Хойберг адзначыла, што разам з некалькімі іншымі беларускамоўная служба пяць гадоў працавала ў тэставым рэжыме. Хойберг падкрэсліла, што рашэнне "ні ў якім выпадку не было палітычным і не значыць, што, паводле меркавання кіраўніцтва радыёстанцыі, у Беларусі змянілася сітуацыя і ў нашай працы няма неабходнасці". Яно было прынята з улікам таго, што беларусы разумеюць рускую мову і змогуць атрымліваць інфармацыю аб Швецыі ад рускамоўнай службы, сказала супрацоўніца радыё.

Марына Рахлей, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН