Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2009/08/12/322056_322059/
Дата раздрукоўкі: 13.11.2019 02:51
12.08.2009 12:19 Эканоміка

Кампанія "Нафтагаз Украіны" закрыла сваё прадстаўніцтва ў Беларусі

Мінск, 12 жніўня. Нацыянальная акцыянерная кампанія "Нафтагаз Украіны" закрыла сваё прадстаўніцтва ў Беларусі.

Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе кампаніі, выкананне функцый прадстаўніцтва "Нафтагазу" пяройдзе да прадстаўніцтва кампаніі "Укртрансгаз". Адпаведнае рашэнне ўхваліла праўленне НАК "Нафтагаз Украіны" ў мэтах "аптымізацыі працы" кампаніі.

Беларускае прадстаўніцтва "Укртрансгазу" плануецца адкрыць найбліжэйшым часам. Дазвол на яго адкрыццё ўжо атрыманы ад Міністэрства замежных спраў Беларусі.

У прэс-службе "Нафтагазу" паведамілі, што супрацоўнікі кампаніі "Укртрансгаз" на пастаяннай аснове працуюць на прыгранічных газаразмеркавальных станцыях у Кобрыне (Брэсцкая вобласць) і Мазыры (Гомельская). Яны кантралююць аб'ём і якасць прыроднага газу, які пастаўляецца ў адпаведнасці з кантрактам паміж "Нафтагазам Украіны" і расійскай кампаніяй "Газпром" аб транзіце расійскага газу па тэрыторыі Украіны. Аднак у сувязі з тым, што ў заканадаўства Беларусі ўнесены змены, якія абмяжоўваюць знаходжанне замежных грамадзян на тэрыторыі краіны да 90 дзён у годзе, кіраўніцтва "Укртрансгазу" палічыла мэтазгодным адкрыць у Беларусі сваё прадстаўніцтва. На замежных грамадзян, якія працуюць у Беларусі ў зарэгістраваных прадстаўніцтвах, гэтыя абмежаванні не распаўсюджваюцца.

Прадстаўніцтва НАК "Нафтагаз Украіны" было адкрыта ў Мінску 20 верасня 2007 года. Кіраўнік прадстаўніцтва Аляксандр Сідарчук тады паведаміў БелаПАН, што ў "Нафтагазу Украіны" ёсць "цікавыя напрацоўкі" з "Белтрансгазам" у галіне транспарціроўкі і захоўвання газу, якія ажыццяўляюцца ў рамках выканання міждзяржаўных пагадненняў паміж Украінай і Беларуссю. "Украіна зацікаўлена ў павелічэнні прапускной здольнасці газаправодаў, якія ідуць па тэрыторыі Беларусі на тэрыторыю Украіны", — сказаў Сідарчук.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, запланаваныя праекты так і не ўдалося рэалізаваць.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН