Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2009/08/19/by_media_life/
Дата раздрукоўкі: 25.06.2019 21:11
19.08.2009 19:03 Відэа

Генеральны дырэктар ЗАТ "БеСТ" Озджан Эрміш: На працягу шасці-дзевяці месяцаў мы плануем зрабіць паслугі 3G-тэхналогіі даступнымі ўсяму насельніцтву Беларусі

У верасні 2009 года ўсе буйныя населеныя пункты Беларусі атрымаюць доступ да 3G-сеткі. Пра гэта 19 жніўня ў інтэрв'ю БелаПАН паведаміў генеральны дырэктар ЗАТ "Беларуская сетка тэлекамунікацый" — гандлёвая марка life:) — Озджан Эрміш.

Нагадаем, 23 ліпеня 2009 года Дзяржаўная камісія па радыёчастотах прыняла рашэнне аб выдзяленні ЗАТ "БеСТ" радыёчастотнага спектра для эксплуатацыі радыёэлектронных сродкаў сеткі сотавай рухомай электрасувязі трэцяга пакалення на тэрыторыі Беларусі. У сувязі з гэтым у краіне пачалося будаўніцтва першай 3G-сеткі. Да пераваг 3G адносяцца высокая хуткасць перадачы даных на адкрытай мясцовасці і ў памяшканнях, сіметрычная і асіметрычная перадача даных, падтрымка канальнай і пакетнай перадачы даных для IP і Real Time Video, высокая якасць галасавой сувязі, магчымасць глабальнага роумінгу.

"Калі коратка, то 3G — гэта, перш за ўсё, мабільны інтэрнет, — расказаў БелаПАН Озджан Эрміш. — Гэта значыць інфармацыя, якую людзі сёння атрымліваюць, выходзячы ў інтэрнет з дапамогай камп'ютэра, яны змогуць атрымліваць, выходзячы ў сусветную сетку праз мабільны тэлефон. З'явіцца магчымасць загружаць праз мабільны тэлефон музыку, фільмы з інтэрнета і далей праглядаць іх. Мабільны інтэрнет дазваляе эканоміць час і быць больш мабільным.

3G-тэхналогіі зробяць магчымым звязаць 6 млн. чалавек у краіне, з дапамогай гэтай тэхналогіі мы зможам рабіць відэазванок, выкарыстоўваць розныя анлайн-забавы.

Мы ўжо распачалі тэставанне 3G-тэхналогіі, і да другога тыдня верасня нашы абаненты змогуць карыстацца гэтымі, самымі сучаснымі, паслугамі. У нас вельмі вялікія планы — на працягу шасці-дзевяці месяцаў мы плануем аказаць паслугі 3G усяму насельніцтву Беларусі. Не толькі вялікіх гарадоў, але пастараемся пакрыць усю тэрыторыю, каб 3G была даступна ўсім карыстальнікам нашай сеткі".

GSM-аператар ЗАТ "Беларуская сетка тэлекамунікацый" (ЗАТ "БеСТ") быў зарэгістраваны 5 лістапада 2004 года, заснавальнікамі выступілі РУП "НДІ Сродкаў Аўтаматызацыі" і РУП "Белтэлекам". 24 сакавіка 2005 года "БеСТ" атрымала ліцэнзію на права ажыццяўлення дзейнасці ў галіне сувязі з аказваннем паслуг сувязі з выкарыстаннем тэхналогіі GSM.

Цяпер 80% акцый аператара належаць турэцкай тэлекамунікацыйнай кампаніі Turkcell, якая ў канцы ліпеня 2008 года падпісала пагадненне аб набыцці гэтага пакета за 600 млн. долараў (з улікам плацяжу ў памеры 100 млн. долараў, які будзе ажыццёўлены пасля атрымання гадавога станоўчага чыстага прыбытку кампаніяй "БеСТ").

У канцы мінулага года кампанія правяла рэбрэндынг, пачаўшы аказваць паслугі пад брэндам life:). Колькасць абанентаў "БеСТ" па выніках першага квартала 2009 года склала 400 тыс. карыстальнікаў, што ў 2 разы больш, чым па выніках 2008 года.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН