Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2009/08/26/324618_324619/
Дата раздрукоўкі: 16.12.2019 10:54
26.08.2009 12:09 Фінансы, Эканоміка

Сталі вядомыя абавязацельствы, прынятыя ўрадам Беларусі ў межах пагаднення з МВФ аб крэдыце стэнд-бай

Мінск, 26 жніўня. Сталі вядомыя абавязацельствы, прынятыя Беларуссю ў межах пагаднення з МВФ аб крэдыце стэнд-бай. Адпаведны ліст за подпісам прэм'ер-міністра Сяргея Сідорскага і старшыні праўлення Нацбанка Пятра Пракаповіча апублікаваны на афіцыйным сайце МВФ.

"Урад выканаў структурны кантрольны паказчык на канец сакавіка 2009 года па лібералізацыі цэн, павысіў цэны на жыллёва-камунальныя паслугі, знізіў заработную плату ў дзяржаўным сектары, адмовіўся ад практыкі размяшчэння дэпазітаў  цэнтральных і мясцовых органаў кіравання ў камерцыйных банках, адмяніў гранічны верхні паказчык працэнтнай стаўкі для крэдытаў у беларускіх рублях, што выдаюцца карпаратыўнаму сектару", — гаворыцца ў лісце.

Адзначаецца таксама, што "згодна з рэгіянальнай эканамічнай тэндэнцыяй, рост беларускай эканомікі ў першым квартале гэтага года істотна запаволіўся".

"Разам з тым пры захаванні эканамічнай кан'юнктуры, якая склалася, чакаецца зніжэнне ВУП у 2009 годзе прыкладна на 3%, — гаворыцца ў дакуменце. — Спажывецкія цэны выраслі ў студзені пасля аднаразовай дэвальвацыі. У адпаведнасці з жорсткай падаткова-бюджэтнай і грашова-крэдытнай палітыкай, якая праводзіцца намі, за перыяд, што прайшоў з таго часу, месячны ўзровень інфляцыі знізіўся, прычым цяпер чакаецца, што ў 2009 годзе інфляцыя на канец перыяду складзе амаль 11 працэнтаў".

Для падтрымання курсавога рэжыму і захавання нізкай інфляцыі грашова-крэдытную палітыку неабходна зрабіць больш жорсткай, адзначаецца ў лісце.

"У сувязі з гэтым мы прапануем на астатнюю частку года ўстанавіць гранічныя верхнія паказчыкі чыстых унутраных актываў, якія адпавядалі б мэце абмежаваць інфляцыю на канец года 11%, — гаворыцца ў лісце. — Мы таксама лічым, што неабходна павысіць працэнтныя стаўкі па рублёвых дэпазітах, каб стымуляваць змену тэндэнцыі значнага ператоку рублёвых дэпазітаў у валютныя, які назіраўся  ў студзені і лютым, на процілеглую".

Камерцыйным банкам, адзначаецца ў лісце, рэкамендавана падтрымліваць сярэднія працэнтныя стаўкі па новых тэрміновых дэпазітах фізічных асоб на ўзроўні не менш за 21,6% (на 2% вышэй за сярэдні ўзровень сакавіка 2009 года).

"Мы практычна спынілі аказанне падтрымкі ліквіднасці банкаў, не забяспечанай залогам. Мы прызнаём, што такая падтрымка павінна заставацца сапраўды выключнай, і ў цэлым будзем імкнуцца не карыстацца гэтым інструментам", — гаворыцца ў дакуменце.

Паведамляецца таксама, што ў будучым урад мае намер адмяніць два мэтавыя падаткі і мясцовы падатак з рознічных продаж і знізіць стаўку падатку на прыбытак з 24% да 20%. "Каб кампенсаваць страту даходаў у выніку такіх мер, мы таксама павысім стаўку ПДК з 18 да 22%", — гаворыцца ў лісце.

Яго аўтары таксама паведамляюць аб намеры ўрада захаваць жорсткую палітыку ў сферы заработнай платы. "Прынята рашэнне не праводзіць павышэнне зарплаты ў дзяржаўным сектары да верасня 2009 года", — гаворыцца ў лісце.

Адзначаецца таксама, што ўрад мае намер прыняць дадатковыя меры па скарачэнні субсідавання жыллёва-камунальных паслуг для насельніцтва за кошт бюджэту.

Калі пазней на працягу года будзе зацверджана павышэнне зарплаты, тарыфы на ЖКП будуць зноў павышаны (апошняе павышэнне было ў студзені 2009 года. — БелаПАН.).

У 2010 годзе будуць прыняты дадатковыя меры для павышэння ступені вяртання страт. Тарыфы на транспартныя паслугі будуць таксама павышаны з улікам інфляцыі, гаворыцца ў лісце.

Пры гэтым плануецца павялічыць расходы на адрасную сацыяльную дапамогу, каб абмежаваць звязаныя з карэкціроўкай эканамічнай палітыкі выдаткі для найбольш адчувальных слаёў насельніцтва.

Акрамя таго, плануецца выхад Нацбанка "з удзелу ў дзейнасці, якая не адносіцца да яго ключавых функцый".

"Прамое фінансаванне ці ўдзел у капітале нефінансавых арганізацый з боку НБРБ не перавысіць у 2009 годзе верхні гранічны паказчык 350 млрд. беларускіх рублёў. Мы не будзем выдзяляць новыя крэдыты ці рабіць укладанні ў акцыянерны капітал нефінансавых арганізацый у 2010 годзе", — гаворыцца ў дакуменце.

Паведамляецца, што да канца снежня 2009 года будзе распрацаваны план дзеянняў па продажы замежным інвестарам усіх нефінансавых даччыных і асацыіраваных кампаній Нацбанка. 

Урад шукае стратэгічнага інвестара, які купіць кантрольны пакет акцый двух дзяржаўных банкаў (ААТ "Белпрамбудбанк" і ААТ "Белінвестбанк") і мінарытарныя пакеты ў АСБ "Беларусбанк" і ААТ "Белаграпрамбанк", як толькі рыначныя ўмовы дазволяць гэта зрабіць, адзначаецца ў лісце. 

Урад таксама плануе да 30 верасня ўнесці ў парламент законапраект "Аб прыватызацыі".

Акрамя таго, плануецца вызваліць усе кампаніі, у якіх дзяржава не з'яўляецца асноўным уласнікам, ад захавання ўсіх колькасных мэтавых паказчыкаў, уключаючы паказчыкі аб'ёмаў вытворчасці і занятасці. Правы дзяржавы ў такіх кампаніях не будуць шырэйшыя за правы ўсіх мінарытарных акцыянераў.

У студзені 2009 года кіраўніцтва МВФ ухваліла выдзяленне Беларусі крэдыту стэнд-бай у аб'ёме каля 2,46 млрд. долараў пад праграму эканамічных рэформаў, разлічаную на 15 месяцаў (да красавіка 2010 года).

Першы транш крэдыту ў 788 млн. долараў паступіў 14 студзеня.

29 чэрвеня савет дырэктараў МВФ завяршыў першы агляд у межах пагаднення аб крэдыце, а таксама прыняў рашэнне павялічыць аб'ём фінансавай падтрымкі Беларусі  на 1 млрд. долараў — да 3,52 млрд.

25 жніўня на сустрэчы кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміра Макея з дырэктарам Еўрапейскага дэпартамента МВФ Марэкам Белькам, які знаходзіцца ў Мінску, абмяркоўвалася магчымасць прыняцця новай праграмы крэдытавання для Беларусі ў 2010 годзе.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН