Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2009/08/30/eu_eu_325457_325458/
Дата раздрукоўкі: 26.05.2019 05:59
30.08.2009 18:34 Грамадства, Беларусь — Eўрасаюз

Папярэдняя версія катастрофы беларускага Су-27 — пападанне птушкі ў паветразаборнік рухавіка знішчальніка

Мінск, 30 жніўня. Папярэдняя версія катастрофы беларускага Су-27 30 жніўня на ваенным аэрадроме ў Радаме (Польшча) — пападанне птушкі ў паветразаборнік рухавіка знішчальніка. Пра гэта БелаПАн паведаміў начальнік прэс-службы Мінабароны Беларусі Вячаслаў Раменчык

Шматфункцыянальны знішчальнік Су-27УБ 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы (Баранавічы, Брэсцкая вобласць) выконваў на авіясалоне дэманстрацыйны палёт. Беларускія ваенныя лётчыкі пераляцелі на ваенны аэрадром у Радаме 27 жніўня.

Як паведаміў Раменчык, падчас выканання фігур вышэйшага пілатажу знішчальнік пачаў губляць вышыню. Пілоты Су-27УБ  — лётчык-снайпер Аляксандр Марфіцкі і лётчык-снайпер Аляксандр Жураўлевіч — прынялі рашэнне не катапультавацца, а адвесці самалёт на максімальна магчымую адлегласць ад населенага пункта. Як адзначыў Раменчык, цаной свайго жыцця беларусы прадухілілі больш цяжкія наступствы катастрофы.

Паводле яго слоў, для расследавання прычын трагедыі ў Мінабароны Беларусі створана спецыяльная камісія.

Палкоўнік Аляксандр Марфіцкі з`яўляўся намеснікам камандуючага Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання ВПС і войск СПА, палкоўнік Аляксандр Жураўлевіч — намеснікам камандзіра 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы (ЗАБ) у Баранавічах (Брэсцкая вобласць).

Спачуванні родным і блізкім загінулых выказаў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, а таксама Міністэрства абароны краіны.

Як раней паведамляў БелаПАН, на месцы катастрофы знаходзяцца ваенны саветнік беларускага пасольства і прадстаўнік консульскай службы. Расследаваннем прычын трагедыі зоймецца таксама спецыяльна створаная беларуска-польская камісія.

Гэта трэцяя аварыя з удзелам ваенных самалётаў у гісторыі суверэннай Беларусі, у якой загінулі пілоты. Першая адбылася 23 мая 1996 года. У ёй загінуў начальнік паветрана-агнявой і тактычнай падрыхтоўкі 61-й ЗАБ падпалкоўнік Уладзімір Карват. Цаной свайго жыцця лётчык адвёў самалёт, які загарэўся, ад населеных пунктаў. Указам прэзідэнта Карвату, першаму ў краіне, было прысвоена званне Героя Беларусі (пасмяротна). Другая аварыя адбылася 19 мая 1997 года ў раёне Баранавічаў. Су-17, які разбіўся, пілатаваў падпалкоўнік Сяргей Паграбан. Прычыны яго гібелі не абнародаваліся.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН