Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2009/08/31/325524_325536/
Дата раздрукоўкі: 05.12.2020 09:08
31.08.2009 13:28 Грамадства

Актывісты "Маладога фронту" пачынаюць акцыю "Беларускую кнігу — дзецям"

Мінск, 31 жніўня. Актывісты міжнароднай маладзёжнай арганізацыі "Малады фронт" (Чэхія) пачынаюць акцыю "Беларускую кнігу — дзецям".

Як паведаміла БелаПАН прэс-сакратар арганізацыі Таццяна Шапуцька, гэта ўжо трэцяя падобная акцыя і другая — на агульнанацыянальным узроўні. "Яна традыцыйна стартуе 1 верасня. Маладыя людзі збіраюць дзіцячыя кнігі на беларускай мове, у тым ліку падручнікі па гісторыі і культуры Беларусі. Збор кніг працягваецца да 25 снежня. З 25 снежня па 7 студзеня сабраныя кнігі перадаюцца ў дзіцячыя дамы. І не проста перадаюцца — там наладжваюцца калядныя паказы, канцэрты, конкурсы. Усё гэта называецца "Калядны фэст", — расказала Шапуцька.

Паводле яе слоў, асноўная мэта акцыі — даць магчымасць маладому пакаленню вывучаць гісторыю, знаёміцца з творамі айчыннай і сусветнай літаратуры і культуры на беларускай мове. "На жаль, камплектацыя бібліятэк такіх устаноў па-ранейшаму праводзіцца не на карысць роднай беларускай мовы", — адзначыла прэс-сакратар.

Летась у выніку такой акцыі было сабрана больш за тысячу кніг у 22 гарадах Беларусі. Іх перадалі ў дзіцячыя дамы і школы-інтэрнаты Мінска, Брэста, Салігорска, Кобрына, Новалукомля, Чырвонай Слабады. Усяго за мінулы год увагай маладзёжных актывістаў было ахоплена каля 15 дзіцячых дамоў і інтэрнатаў.

Шапуцька падкрэсліла, што арганізатары акцыі не ставяць перад сабой нейкіх паказчыкаў і спадзяюцца выключна на шырокую падтрымку грамадскасці. Летась, адзначыла прэс-сакратар "Маладога фронту", дабрачынную акцыю падтрымалі міжнароднае грамадскае аб'яднанне "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" і рух "За Свабоду".

Сяргей Пульша, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239