Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2009/09/18/329829_329830/
Дата раздрукоўкі: 03.08.2021 16:50
18.09.2009 10:05 Палітыка, Грамадства

На тэрыторыі Беларусі пачаліся аператыўна-стратэгічныя вучэнні "Захад-2009"

Мінск, 18 верасня. 18 верасня на тэрыторыі Беларусі пачаліся беларуска-расійскія аператыўна-стратэгічныя вучэнні "Захада-2009". Іх тэма — "Падрыхтоўка і прымяненне рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі для забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы".
Галоўная мэта вучэнняў — праверыць магчымасці Беларусі і Расіі па забеспячэнні ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы, яе гатоўнасць да адбіцця магчымай агрэсіі, а таксама павысіць зладжанасць органаў ваеннага кіравання, палявую і паветраную вывучку злучэнняў і воінскіх часцей, якія ўваходзяць у склад РГВ(С).

У аснову задумы вучэнняў пакладзены адзін з магчымых варыянтаў развязвання ваеннага канфлікту і сучасныя погляды на яго прадухіленне, а таксама вядзенне абарончых дзеянняў. Адметнасцю задумы АСВ з'яўляецца правядзенне пад агульнай назвай "Захад-2009" серыі не звязаных адзін з адным агульным камандаваннем вучэнняў па абарончай тэматыцы.

Вучэнні пройдуць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у два этапы: на першым этапе, што складзе пяць сутак (з 18 па 22 верасня), асноўныя намаганні плануецца засяродзіць на падрыхтоўцы абарончай аперацыі РГВ(С); на другім этапе працягласцю сем сутак (з 23 па 29 верасня) асноўная ўвага будзе нададзена ацэнцы эфектыўнасці функцыянавання Адзінай рэгіянальнай сістэмы СПА Беларусі і Расіі па адбіцці ўдараў з паветра, кіраванні групоўкамі войскаў падчас правядзення абарончых баявых дзеянняў.

Агульная колькасць войскаў, якія ўдзельнічаюць у камандна-штабных вучэннях, складзе каля 12.600 чалавек: Узброеныя сілы, іншыя войскі і воінскія фарміраванні Рэспублікі Беларусь — каля 6.500 чалавек, УС РФ — каля 6.000 чалавек, Узброеныя сілы Казахстана — каля 30 чалавек. У адпаведнасці з планам падрыхтоўкі УС прызвана з запасу прыкладна 1.800 ваеннаабавязаных, якія таксама бяруць удзел у АСВ.

У вучэннях запланаваны ўдзел групы расійскіх афіцэраў са складу Аб'яднанага камандавання РГВ(С), кіравання, злучэнняў і воінскіх часцей 20-й арміі Маскоўскай ваеннай акругі, аператыўнай групы Галоўнага камандавання ВПС, Камандавання ваенна-транспартнай авіяцыі, аператыўнай групы Камандавання ПДВ, кіравання і падраздзяленняў 98-й паветрана-дэсантнай дывізіі.

Ад беларускіх Узброеных сіл у вучэннях бяруць удзел структурныя падраздзяленні Міністэрства абароны, Генеральнага штаба, органы ваеннага кіравання, прызначаныя ў склад Аб'яднанага камандавання РГВ(С) з воінскімі часцямі (падраздзяленнямі) сувязі, аховы і абслугоўвання, камандавання відаў і роду УС, аператыўныя (аператыўна-тактычныя) камандаванні, злучэнні і воінскія часці радоў войскаў, спецыяльных войскаў, узбраення і тылу Узброеных сіл.

Да АСВ "Захад-2009" таксама залучаныя аператыўныя групы штабоў зон і раёнаў тэрытарыяльнай абароны, сфарміраваныя органы кіравання і падраздзяленні тэрытарыяльных войскаў Лідскага раёна Гродзенскай вобласці, Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці, Барысаўскага раёна Мінскай вобласці, Лепельскага і Аршанскага раёнаў Віцебскай вобласці, Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці.

У вучэннях бяруць удзел рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання: аператыўныя групы, сілы і сродкі Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, органаў Дзяржаўнай бяспекі і Пагранічнай службы, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства транспарту і камунікацый.

У вучэннях задзейнічана баявая і спецыяльная тэхніка, у тым ліку 103 лятальныя апараты (63 самалёты і 40 верталётаў), прыкладна 470 баявых браніраваных машын, 228 танкаў, 234 артылерыйскія гарматы, мінамёты і РСЗА.

Асноўнае месца правядзення аператыўна-стратэгічных вучэнняў — Абуз-Лясноўскі палігон, дзе 29 верасня будуць адпрацаваныя асноўныя мерапрыемствы практычных дзеянняў войскаў.

Асобна на Барысаўскім палігоне будуць праходзіць вучэнні па плане Генеральнага штаба Узброеных сіл РФ. Іх задума не звязаная з задумай АСВ "Захад-2009". Актыўная фаза пройдзе з 27 па 28 верасня.

АСВ "Захад-2009" прадугледжвае дзеянні Узброеных сіл Беларусі на тэрыторыі Расіі (Ашулук, Целямба).
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239