Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2009/09/28/by_media_teatr/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2018 09:27
28.09.2009 17:21 Відэа

У праграме фестывалю "Тэатральны куфар" няма ніводнага спектакля на беларускай мове

Міжнародны фестываль студэнцкіх тэатраў "Тэатральны куфар" у шосты раз пачне працаваць у Мінску 28 верасня. Яго арганізатар — Беларускі дзяржаўны універсітэт.

Конкурсныя паказы пройдуць на дзвюх пляцоўках — у ліцэі БДУ і ў Палацы прафсаюзаў. З 28 верасня па 3 кастрычніка гледачы ўбачаць 22 пастаноўкі тэатральных калектываў з Беларусі, Расіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Славеніі, Англіі, Бельгіі, Мексікі, Сербіі, Германіі, Ірана, Польшчы, Алжыра, Турцыі. У фестывалі возьмуць удзел прыкладна 300 замежных гасцей.

Падчас форуму пройдуць майстар-класы тэатральных рэжысёраў і педагогаў Лейфа Олсана са Швецыі, Арыела Зохара з Ізраіля і Кэралайн Хедлі з Вялікабрытаніі.

Як паведаміла на прэс-канферэнцыі дырэктар фестывалю Кацярына Саладуха, "Тэатральный куфар — 2009" будзе прысвечаны "жаданням і марам", што адлюструецца ў шэрагу мерапрыемстваў і агульнай канцэпцыі фестывалю — "Калі здзяйсняюцца мары".

На пытанне, чаму ў праграме фестывалю няма беларускамоўных спектакляў, арт-дырэктар творчага форуму, рэжысёр тэатра "На балконе" БДУ Сяргей Турбан адказаў: "Так атрымалася сёлета, што на беларускай мове спектакляў няма, не ставяць чамусьці нашы тэатры паводле беларускай драматургіі. Дый няма вартай, адэкватнай драматургіі, якая б адпавядала сучасным запытам і тым працэсам, што адбываюцца ў студэнцкім аматарскім тэатры.

А займацца перакладам на беларускую мову якіхсьці вядомых твораў... Напрыклад, мы летась рэпетавалі "Гамлета" на беларускай мове, і было вельмі цяжка. Хочацца, каб быў такі матэрыял, які б арганічна клаўся на індывідуальнасць акцёра. Гэта сумна, што няма матэрыялу на беларускай мове, але мы спрабавалі сёлета неяк кампенсаваць гэта — уся друкаваная прадукцыя ў нас на беларускай і на англійскай мовах, цырымонія адкрыцця будзе на беларускай".

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН