Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2009/09/29/331952_332056/
Дата раздрукоўкі: 23.07.2019 08:11
29.09.2009 09:32 Палітыка, Грамадства

На тэрыторыі Беларусі завяршаецца актыўная фаза аператыўна-стратэгічных вучэнняў "Захад-2009"

Мінск, 29 верасня. 29 верасня на тэрыторыі Беларусі завяршаецца актыўная фаза беларуска-расійскіх аператыўна-стратэгічных вучэнняў (АСВ) "Захад-2009". Яны праводзяцца з органамі ваеннага кіравання, злучэннямі і воінскімі часцямі Узброеных сіл РФ з 8 верасня, Узброеных сіл Беларусі — з 18 верасня.
Тэма вучэнняў — "Падрыхтоўка і прымяненне рэгіянальнай групоўкі войск (сіл) (РГВ (С)) Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі для арганізацыі ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы".

Як паведаміла прэс-служба беларускага Мінабароны, у адпаведнасці з мэтамі вучэнняў правяраюцца магчымасці Беларусі і Расіі па арганізацыі ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы, рэалізуецца комплекс мерапрыемстваў па павышэнні ўзроўню зладжанасці органаў ваеннага кіравання, палявой і паветранай вывучкі злучэнняў і вайсковых часцей, якія ўваходзяць у склад рэгіянальнай групоўкі.

У аснову задумы вучэнняў "Захад-2009" пакладзены адзін з магчымых варыянтаў развязвання ваеннага канфлікту і сучасныя погляды на яго прадухіленне, а таксама вядзенне абарончых дзеянняў. Асаблівасцю задумы АСВ з'яўляецца правядзенне пад агульнай назвай "Захад-2009" серыі не звязаных адзін з адным адзіным аператыўным камандаваннем вучэнняў па абарончай тэматыцы.

У ходзе вучэнняў правяраецца здольнасць Аб'яднанага камандавання рэгіянальнай групоўкі ажыццяўляць аператыўнае і бесперапыннае кіраванне мерапрыемствамі аператыўнага разгортвання і забеспячэння перагрупоўкі расійскай часткі групоўкі на тэрыторыю Беларусі, планаванне абарончай аперацыі і кіравання войскамі (сіламі) пры яе вядзенні. Органы ваеннага кіравання атрымаюць практыку ў выкарыстанні найноўшых сродкаў аўтаматызацыі кіравання войскамі, у рэалізацыі мер па забеспячэнні ўстойлівасці кіравання і павышэнні жывучасці войскаў (сіл) пры падрыхтоўкі і вядзенні абарончых дзеянняў.

Агульная колькасць войскаў, што ўдзельнічаюць у АСУ, складае каля 12,5 тыс. чалавек. Пры гэтым колькасць удзельнікаў ад Узброеных сіл, іншых войскаў і вайсковых фарміраванняў Беларусі — каля 6,5 тыс. чалавек, ад УС РФ — каля 6 тыс., ад УС Казахстана — каля 30 чалавек. Для ўдзелу ў вучэннях з запасу прызвана каля 1,8 тыс. ваеннаабавязаных.

У вучэннях задзейнічана баявая і спецыяльная тэхніка, у тым ліку 103 лятальныя апараты (63 самалёты і 40 верталётаў), каля 470 баявых браніраваных машын, 228 танкаў, 234 артылерыйскія гарматы, мінамёты і рэактыўныя сістэмы залпавага агню.

Галоўнае месца правядзення АСВ — Абуз-Лясноўскі палігон, дзе 29 верасня адпрацоўваюцца асноўныя мерапрыемствы практычных дзеянняў рэгіянальнай групоўкі. Чакаецца, што ў гэты дзень за ходам вучэнняў будуць назіраць прэзідэнты Беларусі і Расіі.

Асобна на Барысаўскім палігоне праводзіцца вучэнне па плане Генеральнага штаба Узброеных сіл РФ. Яго задума не звязана з задумай АСВ "Захад-2009".

19—29 верасня ў Беларусі таксама праводзіцца другі этап сумесных комплексных вучэнняў АДКБ. Яго тэма — "Арганізацыя прымянення вайсковых кантынгентаў узброеных сіл дзяржаў — членаў АДКБ ва Усходнееўрапейскім рэгіёне калектыўнай бяспекі". У ходзе вучэнняў апрацоўваліся пытанні ўдакладнення парадку разгортвання вайсковых кантынгентаў узброеных сіл дзяржаў — членаў АДКБ ва Усходнееўрапейскім рэгіёне калектыўнай бяспекі, аказання ваенна-палітычнай, ваеннай і ваенна-тэхнічнай дапамогі ў рамках арганізацыі.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН