Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2009/09/29/332239_332240/
Дата раздрукоўкі: 23.07.2019 07:46
29.09.2009 14:46 Грамадства

Ваенна-паветраныя сілы Расіі завяршаюць актыўную фазу трэцяга этапа вучэнняў "Захад-2009"

Мінск, 29 верасня. 29 верасня авіяцыйная групоўка Ваенна-паветраных сіл Расіі ў межах аператыўна-стратэгічных вучэнняў "Захад-2009" з перадавых аэрадромаў на тэрыторыі Беларусі завяршае актыўную фазу трэцяга этапа вучэнняў. Нагадаем, для расійскай арміі "Захад-2009" пачаліся 8 верасня, для беларускай — 18 верасня.

Як паведаміла ўпраўленне прэс-службы і інфармацыі Міністэрства абароны РФ, галоўнакамандуючы ВПС Аляксандр Зелін правёў праверку гатоўнасці расійскіх лётчыкаў да баявога прымянення на беларускіх палігонах.

Цягам дня расійскім экіпажам трэба будзе паказаць магчымасці авіяцыйнай тэхнікі, набытыя навыкі і вывучку пры прымяненні авіяцыйных сродкаў паражэння ў межах АСВ "Захад-2009".

На заключным этапе будуць задзейнічаны экіпажы на верталётах Мі-24, Мі-28Н "Начны паляўнічы", Мі-8, якія нанясуць удар па бронеаб'ектах і правядуць высадку тактычнага дэсанту.

Экіпажы ВПС Расіі на самалётах Су-27, Су-24, МіГ-29 здзейсняць авіяцыйнае прыкрыццё высадкі паветранага дэсанту каля населенага пункта Беліца ў Лідскім раёне, ізалююць раён баявых дзеянняў і паветраныя баі, нанясуць удары па калоне ўмоўнага праціўніка на палігоне.

Далёкая авіяцыя сіламі Ту-160, Ту-95МС, Ту-22М3 з аэрадромаў базавання нанясе тактычны ўдар па вучэбных цэлях на Абуз-Лясноўскім палігоне.

Экіпажы ваенна-транспартнай авіяцыі Расіі сіламі 14 самалётаў Іл-76МД выкінуць дэсант на пляцоўку каля Беліцы. Плануецца дэсантаваць да дзевяці адзінак баявой тэхнікі і звыш 700 ваеннаслужачых ПДВ.

На палігоне Ашулук (Астраханская вобласць) баявыя разлікі зенітных ракетных войскаў Расіі на комплексах С-300 і Беларусі на ЗРК С-300, "Аса" і "Бук" будуць адбіваць у межах сцэнарыя вучэнняў "Захад-2009" масіраваны ракетна-авіяцыйны ўдар. Беларускія авіяцыйныя экіпажы на самалётах МіГ-29 таксама правядуць баявыя стрэльбы на палігоне Ашулук.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН