Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2009/12/16/eu_eu_350466_350484/
Дата раздрукоўкі: 24.01.2020 17:13
16.12.2009 21:24 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Еўрасаюз павінен выразна фармуляваць умовы пашырэння супрацоўніцтва з Беларуссю, лічыць міністр Швецыі па справах ЕС Сесілія Мальмстром

Мінск, 16 снежня. Еўрасаюз павінен выразна фармуляваць умовы пашырэння супрацоўніцтва з Беларуссю, лічыць міністр Швецыі па справах ЕС Сесілія Мальмстром. 16 снежня ад імя Савета ЕС і краіны-старшыні яна ўзяла ўдзел у дэбатах у Еўрапарламенце аб сітуацыі ў Беларусі.

Шведскі міністр адзначыла, што "змены ў грамадстве адбываюцца крок за крокам". Паводле слоў Мальмстром, дыялог важны і "дакладныя ўмовы стануць залогам выніковасці дыялогу". Беларускія ўлады павінны зразумець, што, выбіраючы рух насустрач ЕС, яны атрымліваюць магчымасць еўрапейскай інтэграцыі, пашырэння двухбаковага супрацоўніцтва, аблягчэння візавага рэжыму, сказала міністр.

У той жа час яна канстатавала, што "ў апошні час Мінск зрабіў некалькі крокаў назад". У прыватнасці, з універсітэта была адлічана маладзёжная актывістка Таццяна Шапуцька.

ЕС зрабіў сваю прапанову, цяпер Беларусі трэба на яе адказаць, заявіла Мальмстром.

Еўрадэпутат Юстас Палецкіс адзначыў, што пакуль рана рабіць высновы аб эфектыўнасці палітыкі ЕС па пашырэнні сувязей з Беларуссю, паколькі яна стартавала фактычна толькі год таму.

Кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Яцэк Пратасевіч нагадаў, што 17 снежня пройдзе галасаванне па рэзалюцыі аб сітуацыі ў Беларусі.

Пратасевіч заявіў, што, настойваючы на рэзалюцыі, самая буйная фракцыя Еўрапейскай народнай партыі ставіла мэтай не толькі падтрымаць рашэнне Савета ЕС аб працягу і прыпыненні дзеяння санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў на год. Фракцыя "заклапочана ўзмацненнем рэпрэсій у Беларусі", сказаў еўрадэпутат.
Марына Рахлей, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН