Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2010/01/09/354728_354730/
Дата раздрукоўкі: 12.12.2018 21:31
09.01.2010 13:18 Грамадства

Памёр настаяцель касцёла святой Ганны ў Мосары ксёндз Юозас Булька

Мінск, 9 студзеня. У Мінску на 85-м годзе жыцця памёр вядомы ў Беларусі святар, настаяцель касцёла святой Ганны у вёсцы Мосар Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці Юозас Булька.

Паводле інфармацыі прэс-службы рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі, ксёндз Булька памёр 9 студзеня ў адной са сталічных клінік пасля паўторнай аперацыі на сэрцы, праведзенай 7 студзеня.

Пахаванне Юозаса Булькі адбудзецца 11 студзеня ў Мосары. Пахавальная святая імша пачнецца ў 11.00.

Больш за 25 гадоў ксёндз Булька служыў у парафіі Мосар Віцебскай дыяцэзіі. Ён стаў шырока вядомы ў Беларусі і за яе межамі як прапагандыст здаровага спосабу жыцця. З ініцыятывы ксяндза ў Мосары створаны антыалкагольны музей і Алея цвярозасці, якую заклалі прадстаўнікі клубаў ананімных алкаголікаў з Беларусі, Латвіі і Літвы. Дзякуючы святару многія жыхары Мосара і навакольных вёсак спынілі злоўжываць алкаголем.

У чэрвені 2009 года Юозас Булька звярнуўся да ўлад з просьбай забараніць продаж алкаголю ў Мосары. У інтэрв'ю БелаПАН ён паведаміў, што перад сваім адыходам на пенсію восенню 2009 года мае намер абвясціць Мосар зонай цвярозасці. Пасля выхаду на пенсію ксёндз збіраўся пераехаць у дом для састарэлых, аднак затым перадумаў. "Парафіяне мяне не выганяюць і не адпускаюць з касцёла, — сказаў Булька. — Я вырашыў застацца і дапамагаць новаму настаяцелю храма ксяндзу Уладзіміру Шынковічу, які  пакуль служыць у вёсцы Ідолта Мёрскага раёна Віцебскай вобласці".

Юозас Булька шмат зрабіў для добраўпарадкавання Мосара. З яго ініцыятывы ў вёсцы створаны Крыжовая дарога, стадыён, ферма страусаў, дэндрапарк з крыніцамі гаючай вады, фантанамі і скульптурамі, перад касцёлам св. Ганны ўзведзены помнік Яну Паўлу ІІ. 

Пасля выхаду на пенсію ксёндз планаваў стварыць у Мосары Алею моладзі і зрабіць рэканструкцыю вясковых могілак.  

У 2005 годзе Юозас Булька стаў першым беларускім ксяндзом, які быў удастоены дзяржаўнай прэміі "За духоўнае адраджэнне", а ў 2006 годзе указам прэзідэнта Беларусі быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны за падзвіжніцкую дзейнасць ва ўмацаванні духоўных каштоўнасцяў і прапагандзе здаровага спосабу жыцця.

У кастрычніку 2008 года пракуратура Літвы выдала ордэр на арышт Юозаса Булькі і абвясціла яго ў вышук паводле абвінавачання ў генацыдзе. Паводле версіі літоўскіх пракурораў, у пачатку 1950-х гадоў Булька супрацоўнічаў з камуністычнымі ўладамі, дапамагаючы ім высочваць і забіваць партызан, якія ваявалі супраць савецкай улады.

Каментуючы БелаПАН абвінавачанні на свой адрас, ксёндз Булька заявіў, што яны маюць цалкам палітычны характар. "Мне не могуць дараваць, што  я — літовец — жыву ў Беларусі, служу тут Богу і стварыў у гэтай краіне такую прыгажосць, а таксама з малых гадоў вяду актыўную барацьбу з алкагалізмам", — сказаў Булька. "Калі я вінаваты, то каюся", — падкрэсліў святар.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН