Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2010/01/22/by_media_shtrih_kod/
Дата раздрукоўкі: 16.12.2018 04:47
22.01.2010 20:33 Відэа

У Мінску прадстаўлены канцэпт-праект Сяргея Шылы "Штрых-код", прысвечаны Уладзіміру Высоцкаму

22 студзеня ў выставачнай зале Мінскай абласной бібліятэкі імя Пушкіна (Гікала, 4) адбылося адкрыццё першай выставы аўтарскага канцэпт-праекта Сяргея Шылы "Штрых-код", прысвечанай рускаму паэту, спеваку і акцёру Уладзіміру Высоцкаму.

У экспазіцыі прадстаўлены дваццаць палотнаў-інсталяцый з рэліквіямі і сімваламі эпохі Высоцкага. 

"Па сутнасці, у нас сёння свята, — звярнуўся да ўдзельнікаў прэзентацыі Сяргей Шыла, — дзень нараджэння Уладзіміра Сямёнавіча Высоцкага. Я спадзяюся, што асноўны колер праекта — чорны — будзе ўспрымацца не як колер трагізму яго нябыту, а як колер зусім пазітыўны — глыбіні гэтага чалавека, глыбіні яго творчасці, як колер начнога неба, Космасу, Сусвету, якім ён і быў у вядомым сэнсе".

Аўтар праекта па адукацыі эканаміст і інжынер, а мастаком, дызайнерам стаў па закліку душы, спасцігаючы глыбіні мастацтва самастойна. Яго працы будуць даступныя для знаёмства ў выставачнай зале бібліятэкі па 7 лютага. Толькі на  адзін дзень ён перавязе свае палотны-інсталяцыі ў кафэ-клуб "Лісіная нара", дзе 25 студзеня, у дзень нараджэння Высоцкага, пройдзе канцэрт-сустрэча для прыхільнікаў яго творчасці. Галоўным госцем вечарыны стане музыкант Яўген Чулкоў з Ніжняга Тагіла, які ў асяроддзі аўтарскай песні  лічыцца лепшым выканаўцам песень Уладзіміра Высоцкага.

Даведка БелаПАН. Уладзімір Сямёнавіч Высоцкі (25 студзеня 1938 г. — 25 ліпеня 1980 г., Масква) — выдатны рускі савецкі паэт, спявак і акцёр, аўтар некалькіх празаічных твораў, заслужаны артыст РСФСР (1986, пасмяротна) і лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1987, пасмяротна).

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН