Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2010/02/01/360407_360414/
Дата раздрукоўкі: 17.10.2019 08:30
01.02.2010 16:32 Культура

У Мінску адкрылася выстава "Захаваем моўную і культурную разнастайнасць і шматмоўе", прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы

Мінск, 1 лютага. 1 лютага ў Мінску, у Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэцы (РНТБ), адкрылася выстава "Захаваем моўную і культурную разнастайнасць і шматмоўе", прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы (21 лютага).

Як паведаміла БелаПАН супрацоўнік аддзела маркетынгу РНТБ Вольга Кулік, у экспазіцыі прадстаўлена больш за 60 экзэмпляраў айчынных і замежных часопісаў, кніг, брашур, матэрыялаў міжнародных канферэнцый з фондаў бібліятэкі па ўстойлівым развіцці на рускай, беларускай, англійскай, нямецкай і французскай мовах. Сярод іх такія выданні, як "Мова і культура", "Мовазнаўства", "Дзелавая англійская мова: дапаможнік для прафесійна-тэхнічнай адукацыі", "Слоўнік сінонімаў рускай мовы", "Аманімія як сістэмная катэгорыя мовы", "Сучасны арфаграфічны слоўнік рускай мовы", "Вялікі акадэмічны слоўнік рускай мовы", "Польска-беларускі слоўнік" і іншыя. 

На выставе таксама прадстаўлены перыядычныя выданні "Бюлетэнь ААН", "Хроніка ААН" і "Адукатар", а таксама дакументы канферэнцый і іншыя выданні, перададзеныя ў бібліятэку прадстаўніцтвам ААН у Беларусі, франка-беларускай залай Мінскай абласной бібліятэкі імя Аляксандра Пушкіна, урадам ФРГ і грамадскімі арганізацыямі.

Міжнародны дзень роднай мовы, абвешчаны Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 года, штогод адзначаецца з 2000 года для садзейнічання моўнай і культурнай разнастайнасці і шматмоўю. У ЮНЕСКА лічаць, што мовы з'яўляюцца самым эфектыўным сродкам захавання і развіцця  матэрыяльнай і духоўнай спадчыны.

І ўсё, што робіцца для папулярызацыі родных моў, садзейнічае як моўнай разнастайнасці і навучанню, так і разуменню лінгвістычных і культурных традыцый ва ўсім свеце, а таксама ўмацаванню салідарнасці, заснаванай на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу.

Выстава працуе да 25 лютага.

Марат Гаравы, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН