Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2010/02/04/361212_361236/
Дата раздрукоўкі: 28.09.2020 07:35
04.02.2010 13:20 Эканоміка

Мінскі маторны завод плануе стварыць сумесную вытворчасць з амерыканскай кампаніяй Navistar

Мінск, 4 лютага. Мінскі маторны завод ў супрацоўніцтве з кампаніяй Navistar. Inc (ЗША) працуе над стварэннем сумеснай вытворчасці магутных высокатэхналагічных дызеляў, паведаміла прэс-служба Міністэрства прамысловасці.

Плануецца, што ў Мінску будуць выпускацца чатырох-і шасціцыліндравыя рухавікі магутнасцю ад 180 да 400 к.с. экалагічных узроўняў Еўра-4 і вышэй.

Цяпер спецыялісты прадпрыемства прапрацоўваюць тэхнічныя і эканамічныя аспекты супрацоўніцтва. У найкарацейшыя тэрміны ім трэба будзе перавесці атрыманую тэхнічную дакументацыю ў метрычную сістэму, паведамляе прэс-служба Мінпрама. Паралельна будзе весціся падрыхтоўка вытворчасці па шасці мадыфікацыях амерыканскіх рухавікоў — гэта будуць маторы серыі ACTION 4.12 і 6.12.

Плануецца, што на першым этапе лакалізацыі вытворчасці на ААТ "Мінскі маторны завод" і іншых беларускіх прадпрыемствах для новых рухавікоў будуць выпускацца стартэр, генератар, пнеўмакампрэсар, махавік, картэр махавіка і іншыя кампаненты.

Мяркуецца, што серыйная вытворчасць будзе наладжана да сярэдзіны 2011 года, а да 2012-га на вытворчасці плануюць выйсці на ўзровень 10 тыс. дызеляў у год. Да гэтага часу належыць адаптаваць рухавікі да патрабаванняў вытворцаў машын і сельгастэхнікі, правесці  эксплуатацыйныя іспыты ў складзе тэхнікі, сертыфікаваць новую прадукцыю.

Даведка БелаПАН. ММЗ створаны ў 1962 годзе. У 1983 годзе на яго базе арганізавана вытворчае аб'яднанне. Сёння гэта найбуйнейшае ў СНД прадпрыемства па вытворчасці дызельных рухавікоў магутнасцю ад 60 да 350 к.с. Выпускае рухавікі для аўтамабіляў, трактароў, камбайнаў. На прадпрыемстве працуюць амаль 5,4 тыс. чалавек. Прадпрыемства акцыянавана ў лютым 2009 года. 100% акцый належыць дзяржаве.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239