Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2010/02/16/eu_eu_364226_364245/
Дата раздрукоўкі: 22.02.2019 10:56
16.02.2010 19:28 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Качыньскі выказаў Лукашэнку "рашучы пратэст у сувязі з ростам рэпрэсій супраць Саюза палякаў на Беларусі"

Мінск, 16 лютага. Прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі накіраваў ліст Аляксандру Лукашэнку, у якім выказаў "сваю заклапочанасць і рашучы пратэст у сувязі з ростам рэпрэсій супраць Саюза палякаў на Беларусі". Пра гэта кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Польшчы Уладзіслаў Стасяк паведаміў польскаму інфармагенцтву ПАП.

"Прэзідэнт указаў на неабходнасць павагі правоў чалавека, якія з'яўляюцца асновай сучаснага еўрапейскага грамадства", — заявіў Стасяк.

На думку Качыньскага, асабістае ўмяшанне прэзідэнта Беларусі стала б доказам, што ён "хоча захаваць добрыя адносіны паміж дзвюма краінамі". У сваім лісце польскі прэзідэнт нагадаў пра міжнародныя абавязацельствы Беларусі і двухбаковы дагавор аб добрасуседстве, дружбе і супрацоўніцтве.

16 лютага спікер польскага Сейма Браніслаў Камароўскі заявіў журналістам, што "ва ўмовах парушэння правоў чалавека і грамадзян Беларусі ў Польшчы ёсць падставы сур'ёзна разгледзець магчымасць вяртання да палітыкі санкцый".

Як раней паведамляў БелаПАН, 15 лютага ў розных гарадах Беларусі былі затрыманыя актывісты і кіраўніцтва неафіцыйнага Саюза палякаў на Беларусі (СПБ) на чале з Анжалікай Борыс.

Борыс аштрафаваная на 30 базавых велічынь (1 млн. 50 тыс. рублёў), прадстаўнікі кіраўніцтва Анджэй Пачобут, Ігар Банцар і Мечыслаў Яскевіч асуджаныя на пяць сутак арышту за арганізацыю 10 лютага ў Гродне несанкцыянаванага мітынгу ў падтрымку івянецкай арганізацыі СПБ.

Лідэр івянецкай арганізацыі Тэрэса Собаль абвінавачваецца ў захопе мясцовага Дома польскага, найбліжэйшым часам над ёй адбудзецца суд. Іск падаў старшыня афіцыйна зарэгістраванага СПБ Станіслаў Сямашка.

Раскол у СПБ адбыўся ў 2005 годзе. Частка арганізацыі афіцыйна зарэгістраваная Міністэрствам юстыцыі Беларусі. Неафіцыйнае крыло СПБ на чале з Анжалікай Борыс падтрымліваюць польскія ўлады.

Марына Рахлей, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН