Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2010/03/05/eu_eu_368354_368355/
Дата раздрукоўкі: 19.08.2019 09:03
05.03.2010 12:48 Грамадства, Беларусь — Eўрасаюз

Беларусам ГМ-бульба пакуль не пагражае

Еўракамісія ўхваліла вырошчванне генетычна мадыфікаванай бульбы і кукурузы. Ці азначае гэта, што такія прадукты неўзабаве з'явяцца ў беларускіх крамах?

Еўракамісія дала зялёнае святло вырошчванню генетычна мадыфікаванай бульбы "амфлора" з павышаным утрыманнем у крухмале амілапектыну. Таксама быў ухвалены продаж трох відаў генна-мадыфікаванай кукурузы сорту "мансанта". Пры гэтым краіны ЕС атрымалі права самастойна вырашаць, ці жадаюць яны вырошчваць прадукты са змененай генетычнай структурай.

Бульба "амфлора" распрацавана толькі для прамысловых патрэб, можа выкарыстоўвацца як жывёльны корм ці пры вырабе паперы, у якой выкарыстоўваецца крухмал. Чакаецца, што ўжо гэтай вясной яе пачнуць вырошчваць у Германіі і Чэхіі, а затым у Нідэрландах і Швецыі. Кукуруза сорту MON 810 фірмы "Мансанта" была ўхвалена яшчэ ў 1998 годзе і вырошчваецца ў Іспаніі, Партугаліі, Румыніі, Славакіі і Чэхіі. Еўракамісія дазволіла толькі распаўсюджванне, але не вырошчванне яшчэ трох відаў трансгеннай кукурузы.

Намеснік дырэктара па навуковай працы Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Валянціна Лемеш расказала БелаПАН, што нашым пакупнікам апасацца еўрапейскай трансгеннай бульбы не варта: "Ні адна краіна не пусціць у продаж генетычна мадыфікаваны прадукт без праверкі на сваіх палях. Тым больш, у гэтым выпадку гаворка ідзе пра краіны, дзе вялікі ўплыў зялёных і іншых экалагічных арганізацый".

Пры гэтым Лемеш падкрэсліла, што фірма "Мансанта" з'яўляецца сусветным лідэрам біятэхналогіі раслін, асноўнай прадукцыяй якой з'яўляюцца генетычна мадыфікаванае насенне кукурузы, соі, бавоўны, а таксама самы распаўсюджаны ў свеце гербіцыд "Раўндап".

Пасяўныя плошчы пад генетычна змененыя культуры ўвесь час растуць. У 2008 годзе ў свеце такімі культурамі было занята 125 млн. га (для параўнання, плошча Беларусі каля 21 млн. га). Вучоныя лічаць, што ў трансгенных раслін вялікія перспектывы.

Паводле слоў Валянціны Лемеш, асноўны на сёння трансгенны прадукт — соя. Усяго ў свеце зарэгістравана больш за 20 культур з генна-мадыфікаваным кампанентам: бульба, кукуруза, кабачкі, папайя і шэраг іншых.

Генная інжынерыя выкарыстоўваецца для стварэння новых сартоў раслін, якія устойлівыя да неспрыяльных умоў асяроддзя і шкоднікаў, а таксама маюць лепшыя роставыя і смакавыя якасці, утрымоўваюць павышаную колькасць незаменных амінакіслот і вітамінаў.

Тым не менш, паводле інфармацыі Нацыянальнага кардынацыйнага цэнтра біябяспекі, цяпер у Беларусі генна-змененыя арганізмы (ГЗА) не выкарыстоўваюцца ў гаспадарчай дзейнасці, хоць навуковая праца ў гэтым кірунку вядзецца. Так, у 1999—2001 гадах праходзіла выпрабаванне генна-змененага цукровага бурака сорту Edda, з 1996 года праводзяцца выпрабаванні генетычна мадыфікаваных відаў бульбы.

У прыватнасці, як расказала Валянціна Лемеш, сёння ў нашай краіне вядзецца праца па атрыманні віду бульбы, устойлівага да каларадскага жука. "Аднак гаворка ідзе толькі пра навуковыя пошукі, а не пра вывядзенне сорту для прамысловага выкарыстання. Каб тая ці іншая культура трапіла ў ранг сорту, трэба доўгія гады працы, даследаванняў і выпрабаванняў", — сказала яна.

Змяненне нейкага аднаго гена, які адказвае, напрыклад, за ўспрыманне каларадскага жука, — гэта цэлая гісторыя, што доўжыцца больш за дзесяткі гадоў і патрабуе выкарыстання дарагіх тэхналогій. Нават калі сорт ужо створаны, неабходны працяглы перыяд выпрабаванняў, які ўключае ў сябе ацэнку яго ўплыву на навакольнае асяроддзе, здароўе людзей і іншае.

Вяртаючыся да рашэння Еўракамісіі, заўважым, што яно давалася нялёгка. Прыняцце рашэння неаднаразова адкладалася з-за шматлікіх праверак бяспекі генетычна мадыфікаваных прадуктаў для здароўя чалавека і жывёл. І нават ухваліўшы гэтае рашэнне, Еўракамісія вызначыла шэраг абмежаванняў. Так, клубні генетычна мадыфікаванай бульбы павінны ўручную адсартоўвацца ад клубняў бульбы, прызначанай для ежы людзей і на корм жывёле; генная бульба будзе пастаўляцца толькі на спецыялізаваныя прадпрыемствы.

Еўрапейскае ўпраўленне па бяспецы прадуктаў харчавання ў 2008 годзе амаль апраўдала генетычна мадыфікаваныя прадукты і прыняло на гэты конт адмысловую пастанову. Да таго, яшчэ ў 1999 годзе, сем краін Еўрасаюза забаранілі выкарыстанне і продаж трансгеннай прадукцыі. Тады ЗША, асноўны пастаўшчык ГМ-тэхналогій, прыгразілі Еўропе гандлёвымі санкцыямі, і ў 2003 годзе Еўрапарламент адмяніў забарону, аднак абавязаў маркіраваць тавары, у складзе якіх ёсць хоць бы 0,9% ГМА. Пры гэтым у кожнай краіны ЕС засталося права ўводзіць забарону на той ці іншы від трансгена.

Дзяржстандартам і Міністэрствам аховы здароўя Беларусі зацверджаны спіс прадуктаў, якія падлягаюць абавязковаму кантролю на ўтрыманне генна-змененых элементаў. У спіс трапілі прадукты, у склад якіх уваходзіць соя і кукуруза. Штогод лабараторыі Міністэрства аховы і здароўя даследуюць каля 2,5-3 тысяч проб розных прадуктаў. Як правіла, прыкладна 1,5% даследаваных прадуктаў утрымоўваюць генна-мадыфікаваныя кампаненты.

Паводле беларускага заканадаўства, прадавец абавязаны інфармаваць спажыўцоў пра ўтрыманне генетычна мадыфікаваных кампанентаў, указаўшы іх на цэнніках ці іншымі спосабамі — з выкарыстаннем этыкетак, стыкераў, постэраў.

Такім чынам, пакупнікам даецца права самастойна вырашаць, ужываць ці не генетычна мадыфікаваныя прадукты.

Алена Спасюк, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН