Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2010/05/24/by_media_svis2/
Дата раздрукоўкі: 12.12.2018 21:31
24.05.2010 15:43 Відэа, Спорт

Расійская гімнастка Яўгенія Канаева: Вельмі люблю выступаць у Мінску — тут выдатныя ўмовы і цудоўныя гледачы

Сем прызавых месцаў занялі беларускія спартсменкі на этапе Кубка свету BelSwissBank, які прайшоў у мінскім Палацы спорту 21—23 мая.

Меліціна Станюта стала трэцяй у індывідуальным мнагаборстве, практыкаваннях са скакалкай і абручом. Любоў Чаркашына была другой у практыкаванні з абручом і трэцяй у практыкаванні з мячом.
Акрамя таго, зборная Беларусі першынствавала ў абодвух выглядах групавога практыкавання (абруч; стужка і скакалка).

Абсалютнай пераможцай этапа стала расійская гімнастка Яўгенія Канаева (у мнагаборстве і ўсіх чатырох асобных відах). Усяго на рахунку Расіі 11 прызавых месцаў (5, 5, 1). Далей ідуць Беларусь (2, 1, 4), Японія (0, 1, 0), Азербайджан і Ізраіль (па 0, 0, 1).

На юніёрскім турніры "Хрустальная ружа" першай стала беларуска Наталля Лешчык, якая ў жніўні выступіць на I юнацкіх Алімпійскіх гульнях у Сінгапуры.

"Гэта была вельмі яркая і значная падзея ў спартыўным жыцці нашай краіны, — адзначыла на прэс-канферэнцыі галоўны трэнер беларускай зборнай Ірына Ляпарская, — якая, на жаль, хутка праходзіць. Спадзяюся, у нашых гасцей засталіся добрыя ўражанні, жадаю ім паспяховай падрыхтоўкі да чэмпіянату свету ў Маскве".

"Люблю выступаць у Мінску, — падзялілася Яўгенія Канаева, — тут выдатныя ўмовы і цудоўныя гледачы".

Яе сяброўка па камандзе Дар'я Кандакова таксама прызналася, што любіць Мінск — "вельмі прыгожы горад, і добра прымаюць гледачы".

Ірына Ляпарская адзначыла, што задаволена выступленнем усіх гімнастак. "На гэты час ўсе выканалі планавыя заданні. Пік формы прыйдзецца на чэмпіянат свету. Ёсць час падцягнуцца", — сказала яна.

Галоўны трэнер зборнай Расіі Ірына Вінер пазітыўна ацаніла выступленне зборнай Японіі, якая ў групавым практыкаванні з абручом адсунула Расію на трэцяе месца. "Зборная Японіі трэніруецца ў Санкт-Пецярбургу. Мы дапамагаем Азербайджану. Выхоўваем сабе канкурэнтаў, і гэта добра. Канкурэнцыя неабходна. Від павінен развівацца. Мастацкая гімнастыка — гэта спорт, а не мастацкая самадзейнасць", — падкрэсліла Вінер.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН