Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2010/05/27/388301_388304/
Дата раздрукоўкі: 26.01.2021 05:48
27.05.2010 17:33 Палітыка

Алесь Міхалевіч прадставіў тэзісы сваёй перадвыбарнай праграмы

Мінск, 27 мая. Палітык Алесь Міхалевіч прадставіў тэзісы сваёй перадвыбарнай праграмы на прэзідэнцкіх выбарах, якія маюць адбыцца. Прэзентацыя праграмы "Беларусь: стратэгія эвалюцыі" прайшла 27 мая ў сталічнай ратушы.
Праграма складаецца з трох палажэнняў: эканамічны рост, эфектыўная дзяржава, актыўнае грамадства.

Для забеспячэння эканамічнага росту, лічыць Міхалевіч, неабходна, каб Беларусь была "прывабнай, канкурэнтаздольнай, прадказальнай, дзелавой, прадпрымальнай, урадлівай, мабільнай, інавацыйнай".

У эканоміцы палітык выступае за павышэнне эканамічных свабод, аптымізацыю працэдур вядзення бізнесу, аддзяленне бізнесу ад улады, зніжэнне падатковай нагрузкі. Таксама ён лічыць неабходным правесці амністыю асуджаных за эканамічныя злачынствы.

Пад эфектыўнай дзяржавай Міхалевіч мае на ўвазе "справядлівую, свабодную, моцную, годную, эфектыўную, дыпламатычную, камфортную" Беларусь. У прыватнасці, ён выступае за ўзмацненне кантролю за дзейнасцю дзяржаўных інстытутаў, развіццё партыйнай сістэмы, павышэнне ролі парламента, абранне кіраўнікоў абласцей і мэраў гарадоў насельніцтвам, рэформу выбарчага заканадаўства.

На думку Міхалевіча, актыўнае грамадства — гэта самастойная, адукаваная, здаровая, канфесійная, культурная Беларусь. Палітык выступае за тэрытарыяльна-адміністрацыйную рэформу і ўзмацненне ролі самакіравання.

Міхалевіч паведаміў, што поўнасцю яго перадвыбарная праграма, якая налічвае больш за 100 старонак, будзе апублікавана восенню.

"У параўнанні з праграмамі іншых палітыкаў мая праграма найбольш рэалістычная. Мы не дэкларуем абстрактныя мэты, якія нельга рэалізаваць у найбліжэйшы час", — сказаў ён.

Алесь Міхалевіч заявіў пра свой намер балатавацца на пасаду прэзідэнта Беларусі 27 студзеня 2010 года. 3 мая палітык выйшаў з рады руху "За Свабоду" па ўласным жаданні. "Я збіраюся балатавацца кандыдатам у прэзідэнты, і ў мяне няма часу на абсалютную большасць тых спраў, якімі я займаўся раней. У мяне проста няма часу працаваць у арганізацыі", — сказаў Алесь Міхалевіч.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239