Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2010/07/03/396672_396673/
Дата раздрукоўкі: 17.09.2019 03:39
03.07.2010 14:47 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка: Кожны з нас адчувае сябе свабодным грамадзянінам свабоднай краіны

Мінск, 3 ліпеня. "Кожны з нас адчувае сябе свабодным грамадзянінам свабоднай краіны, і гэтае пачуццё літаральна акрыляе, натхняе на здзяйсненні і пераўтварэнні", — заявіў Аляксандр Лукашэнка 3 ліпеня на цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі ў Мінску.

Гаворачы пра набыццё краінай незалежнасці, кіраўнік дзяржавы, у прыватнасці, адзначыў: "Перш за ўсё, змянілася наша псіхалогія і самасвядомасць, мы пазбавіліся ад комплексу. Зыходзячы з інтарэсаў народа, выбралі свой гістарычны шлях і сваю мадэль развіцця, эфектыўнасць якой пацвярджае час".

Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь — адзіная краіна на постсавецкай прасторы, якая не вядзе адлік свайго суверэнітэту ад падпісання дэкларацыі аб ім. "І ў гэтым кроку праявіліся спрадвечная гістарычная мудрасць і празорлівасць беларусаў. Бо свабоду нельга атрымаць дзякуючы чыймусьці росчырку пяра. Любы, нават самы важны дакумент — проста папера, калі за ім не стаяць сіла і воля народа", — падкрэсліў прэзідэнт.

"У незалежнасць Беларусі ўкладзена сіла малітвы і мудрасці Еўфрасінні Полацкай. Моц вайсковай доблесці беларускі палкоў, якія ў бітвах з мангола-татарскімі ордамі і ў Грунвальдскай бітве ратавалі Радзіму ад іншаземнага прыгнёту. Сіла слова светачаў нацыянальнай культуры — Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча і многіх іншых. Сіла духу соцень тысяч партызан і падпольшчыкаў, салдат-вызваліцеляў Вялікай Айчыннай вайны і мірных працаўнікоў, якія ўзводзілі трактарны, аўтамабільны заводы і іншыя гіганты беларускай эканомікі. І, нарэшце, наша з вамі моц, дзякуючы якой менш чым за два дзесяцігоддзі было ажыццёўлена тое, аб чым марылі многія пакаленні, — створана суверэнная і незалежная Беларусь", — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў, што самастойная шматвектарная знешняя палітыка, непрыняцце любога дыктату і ціску як з Захаду, так і з Усходу прынеслі Беларусі аўтарытэт і прызнанне, сталі прыкладам для маладых дэмакратычных дзяржаў у розных рэгіёнах свету.

"Мы адкрыта і сумленна заяўляем пра сваю гатоўнасць супрацоўнічаць з усімі без выключэння партнёрамі — нашай Расіяй, краінамі СНД, Еўрасаюза, ЗША, Кітайскай Народнай Рэспублікай, сябрамі ў Азіі і Паўднёвай Амерыцы. Але выключна на раўнапраўнай аснове без ўрону нацыянальным інтарэсам", — сказаў Лукашэнка.

Перад цырымоніяй ускладання вянкоў беларускі прэзідэнт узяў удзел у шэсці ветэранаў. Разам з Лукашэнкам ішлі яго сыны, уключаючы малодшага, Мікалая.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН