Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2010/07/15/398921_398932/
Дата раздрукоўкі: 14.12.2018 03:29
15.07.2010 10:57 Эканоміка

Аб'ём вытворчасці ў нафтаперапрацоўчай прамысловасці ўпаў на 32,8%

Мінск, 15 ліпеня. У першым паўгоддзі 2010 года найбольшае падзенне аб'ёмаў вытворчасці адзначана ў нафтаперапрацоўчай прамысловасці — на 32,8% менш у параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам. У студзені—чэрвені ў галіне выраблена прадукцыі на 11 трлн. 665,3 млрд. рублёў, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.
Нагадаем, з 1 студзеня 2010 года змяніліся ўмовы пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь. На працягу года Расія плануе паставіць у Беларусь 21,5 млн. тон нафты: 6,3 млн. тон — бяспошлінна, а астатнюю — з улікам экспартнай пошліны.
30 чэрвеня першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка паведаміў, што за шэсць месяцаў года на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы пастаўлена 7 млн. 385 тыс. тон нафты, у тым ліку 3 млн. 576 тон — бяспошлінна. Апрача расійскай, "Беларуснафта" паставіла на Мазырскі НПЗ дадаткова 838 тыс. тон беларускай нафты. Акрамя таго, пастаўлена 240 тыс. тон венесуэльскай нафты.
Паводле слоў першага віцэ-прэм'ера, да канца бягучага года НПЗ павінны быць загружаныя на 100%. "Пастаўлена задача даставіць у Беларусь 4 млн. тон нафты з Венесуэлы. Да канца года ставіцца задача на 100% загрузіць беларускія НПЗ. Кожны з іх у стане перапрацоўваць па 10,5 млн. тон нафты ў год", — заявіў Сямашка.
Паводле звестак Белстата, у першым паўгоддзі падзенне вытворчасці назіралася таксама ў станкабудаўнічай і інструментальнай прамысловасці (на 12,4%), аўтамабільнай (на 2,6%), прамысловасці сценавых матэрыялаў (на 1,4%) і хлебапякарнай (на 1,7%).

У хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці аб'ём вытворчасці за шэсць месяцаў павялічыўся на 21,8%, у чорнай металургіі — на 8,6%, прамысловасці будматэрыялаў — на 8,2%, машынабудаванні — на 6,4%, у харчовай прамысловасці — на 9,4%, лёгкай — на 11,5%, лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай — на 12,3%, у электраэнергетыцы — на 11,5%.
Найбольшы прырост прамвытворчасці за студзень—чэрвень адбыўся ў хімічнай прамысловасці (на 23,1%).

У цэлым па прамысловасці ў першым паўгоддзі аб'ём вытворчасці вырас на 8,8% у параўнанні з такім жа перыядам мінулага года і склаў 72 трлн. 609 млрд. рублёў.
Згодна з прагнозам сацыяльна-эканамічнага развіцця, аб'ём прамысловай прадукцыі па выніках 2010 года павінен вырасці на 10—12%.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН