Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2010/08/24/406235_406246/
Дата раздрукоўкі: 26.01.2021 04:32
24.08.2010 16:32 Палітыка

Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Алесь Міхалевіч узначаліў саюз "За мадэрнізацыю"

Мінск, 24 жніўня. Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Алесь Міхалевіч узначаліў саюз "За мадэрнізацыю", які 23 жніўня быў зарэгістраваны Мінскім гарвыканкамам.

"Мэтай новай арганізацыі з'яўляецца садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да сучасных форм арганізацыі эканамічнай, сацыяльнай і культурнай сфер, а таксама падрыхтоўка беларускага грамадства да будучых зменаў", — заявіў Міхалевіч БелаПАН.

На яго думку, "Беларусь мае патрэбу ў экстраннай мадэрнізацыі". "Нам неабходна выйсці на іншы ўзровень адносінаў бізнесу і ўлады, стымуляваць канкурэнцыю на ўнутраным рынку, рабіць стаўку на новыя тэхналогіі, прыцягваць інвестыцыі пад навукаёмістыя вытворчасці і развіваць сферу паслуг. Гэта адзінае выйсце з няпростага становішча, у якім апынулася эканоміка нашай краіны. Але для таго, каб адбыліся рэальныя змены ў эканоміцы, трэба мадэрнізаваць і беларускае грамадства. А гэта, у сваю чаргу, вымагае рэфармавання сістэмы адукацыі, стымулявання асабістай ініцыятывы грамадзян, абароны правоў асобы, пэўнай дэцэнтралізацыі ўлады і павышэння ролі самакіравання", — сказаў палітык.

У савет аб'яднання ўвайшлі дырэктар прыватнага прадпрыемства Віктар Яўмененка, эканаміст Аляксандр Лукашэвіч, філосаф Ігар Драко, вучоны Канстанцін Лукашоў, прадпрымальнік Аляксандр Лыкшын. Аб'яднанне будзе дзейнічаць на пастаяннай аснове.

Варта зазначыць, што 1 лютага гэтага года Мінгарвыканкам адмовіў у рэгістрацыі аналагічнага аб'яднання пад назвай "Сацыяльнае грамадскае аб'яднанне А.Міхалевіча". У адказе зазначалася, што ўпраўленне юстыцыі Мінгарвыканкама "не здолела вызначыць мэты ініцыятывы Міхалевіча і адпаведна даць ацэнку практычнай дзейнасці, якую мяркуе ажыццяўляць" аб'яднанне, што ствараецца.

27 студзеня Міхалевіч аб'явіў, што мае намер змагацца за прэзідэнцкую пасаду на выбарах 2011 года. Палітык заявіў, што яго кандыдатуру падтрымліваюць беларускія бізнес-структуры і беларуская дыяспара за мяжой.

Алесь Міхалевіч нарадзіўся ў маі 1975 года. Скончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта па спецыяльнасці "Паліталогія". Узначальваў арганізацыю "Задзіночанне беларускіх студэнтаў", быў намеснікам старшыні Партыі БНФ. У жніўні 2008 года выключаны з партыі за публічныя крытычныя выказванні на адрас партыйнага кіраўніцтва.

Сяргей Пульша, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239