Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2010/10/16/419181_419182/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2018 08:56
16.10.2010 22:19 Палітыка, Эканоміка

Паводле вынікаў візіту Уга Чавеса ў Беларусь падпісаны шэраг дакументаў

Мінск, 16 кастрычніка. Паводле вынікаў візіту прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса ў Беларусь 16 кастрычніка падпісаны шэраг дакументаў.
У прыватнасці, заключана міжурадавае пагадненне аб прававой дапамозе па крымінальных справах, падпісаны кантракт паміж ЗАТ "Беларуская нафтавая кампанія" і кампаніяй "Петралеас дэ Венесуэла" на пастаўку нафты ў 2011—2013 гадах. Паводле слоў крыніцы, блізкай да перамоў, штогадовыя пастаўкі венесуэльскай нафты складуць да 10 млн. тон.

Заключаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж РУП "ВА "Беларуснафта" і АТ "Венесуэльская нафтавая карпарацыя" аб далучэнні плошчаў да сумеснага прадпрыемства "Петралера БелаВенесалана". Акрамя таго, падпісаны ўстаноўчы акт (статут) сумеснага прадпрыемства АТ "Сервісіа БелаВенесалана", якое будзе займацца бурэннем і рамонтам свідравін у Венесуэле.

Як адзначыў беларускі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, цяперашні візіт Чавеса стане новым этапам у развіцці супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі і "абавязкова будзе мець пазітыўныя вынікі".

"Развіццё шматбаковых адносін з Венесуэлай з'яўляецца адным з прыярытэтных кірункаў знешняй палітыкі беларускай дзяржавы, — сказаў Лукашэнка. — Гэта вядзе да ўмацавання пазіцый нашых дзяржаў на міжнароднай арэне, садзейнічае сацыяльна-эканамічнаму развіццю і Беларусі, і Венесуэлы".

Беларускі кіраўнік падкрэсліў, што за даволі кароткі перыяд зроблена вельмі шмат для развіцця супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі ў нафтахіміі, будаўніцтве, газіфікацыі, прамысловасці, сельскай гаспадарцы.

Уга Чавес падкрэсліў, што сённяшнія перамовы стануць новым імпульсам для развіцця двухбаковых адносін. Ён выказаў упэўненасць, што Лукашэнка атрымае перамогу на снежаньскіх прэзідэнцкіх выбарах.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН