Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2010/10/21/420254_420264/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2018 09:11
21.10.2010 10:21 Палітыка

Сяргей Рыжоў спыняе свой удзел у выбарчай кампаніі

Мінск, 21 кастрычніка. Яшчэ адзін прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі, начальнік сектара знешнеэканамічнай дзейнасці ААТ "Віцебскі плодаагароднінны камбінат" Сяргей Рыжоў, заявіў аб спыненні збору подпісаў і зняцці з выбарчай кампаніі. Пра гэта гаворыцца ў заяве Рыжова, распаўсюджанай 21 кастрычніка.

"Мая ініцыятыўная група, членам якой з'яўляюся і я, спыняе збор подпісаў, не набраўшы ўстаноўленай колькасці для рэгістрацыі мяне ў якасці кандыдата на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", — растлумачыў Рыжоў.

Ён лічыць, што прычына гэтага не толькі ў малой колькасці і малым вопыце яго ініцыятыўнай групы, але і ў адсутнасці дастатковага фінансавання, а таксама ў "націску з боку дзейнай улады".

Разам з тым Рыжоў задаволены асабістымі вынікамі, працай і дапамогай людзей, якія яго акружалі, рэакцыяй на яго намеры, заявы і артыкулы ў СМІ. Паводле яго слоў, рашэнне аб зняцці з выбараў было прынятае сумесна з лідарамі ініцыятыўнай групы.

"Гэты складаны перыяд у маім жыцці быў пройдзены годна, сумленна і без ўвязвання мяне і членаў ініцыятыўнай групы ў неахайныя схемы грамадска- палітычнай дзейнасці, якія насаджаюцца нам ", — заяўляе Рыжоў.

Ён лічыць памылкай адсутнасць адзінага кандыдата ў якасці альтэрнатыўнай фігуры дзейнаму ў гэты час прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку.

Акрамя таго, Рыжоў, лічыць "трагічнай памылкай" заклікі асобных палітычных лідараў  "да актыўнага супраціўлення дзейнай уладзе і вывядзення людзей "на плошчу" з далейшымі непрадказальнымі наступствамі як для прыхільнікаў гэтых заклікаў, так і для ўсёй краіны ў цэлым".

Рыжоў паведамляе аб сваіх планах распачаць працу па адкрыцці грамадскага міжнароднага дабрачыннага фонду "Спадчына народаў свету" і па стварэнні палітычнай партыі "Белая Русь".

У апублікаваным 18 кастрычніка інтэрв'ю інтэрнэт-газеце БелаПАН naviny.by Сяргей Рыжоў паведаміў, што раней прафесійна палітыкай не займаўся. Пры гэтым ён не стаў рабіць прагнозы адносна наступных крокаў у перадвыбарнай кампаніі. "Але калі тэндэнцыя па зборы подпісаў захаваецца, планую сабраць 105—110 тысяч подпісаў", — заяўляў ён.

Рыжоў таксама паведаміў, што падтрымліваў Аляксандра Лукашэнку з першых дзён яго прэзідэнцтва. "Аднак прайшоў час — і цяперашні этап развіцця Беларусі характарызуецца развалам эканомікі, укараненнем карумпаванасці і сямейнасці ў створанай прэзідэнтам вертыкалі, нявыбудаванай пазіцыяй, кіданнямі ад аднаго партнёра да іншага, ад аднаго абяцання да процілеглага, стратай аб'ектыўнасці ў ацэнцы сітуацыі, неабдуманымі і запозненымі рашэннямі ўнутраных пытанняў", — гаварыў ён.

Такім чынам, зараз у выбарчай кампаніі ўдзельнічаюць 14 прэтэндэнтаў у прэзідэнты Беларусі.

Раней аб спыненні ўдзелу ў выбарах заявілі Сяргей Гайдукевіч і Пётр Барысаў. Апошні зняўся на карысць Віталя Рымашэўскага.

Сяргей Пульша, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН