Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2010/10/26/421451_421461/
Дата раздрукоўкі: 23.02.2019 11:36
26.10.2010 13:58 Грамадства

Як мяркуецца, прычынай выбуху на заводзе "Пінскдрэў-ДСП" стала парушэнне рэжыму эксплуатацыі абсталявання (дапоўнена)

Мінск, 26 кастрычніка. Як мяркуецца, прычынай учарашняга здарэння на заводзе "Пінскдрэў-ДСП" стаў "выбух адкладанняў драўнянага пылу ў выніку парушэння рэжыму эксплуатацыі абсталявання па вытворчасці драўняна-паліўных гранул", паведамляе афіцыйны сайт Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі.

Цяпер на месцы НЗ працуюць камісія па надзвычайных сітуацыях Пінскага гарвыканкама, МНС і следчая група пракуратуры Брэсцкай вобласці.

Паводле ўдакладненых даных МНС, паведамленне аб выбуху і пажары на тэрыторыі ЗАТ "Холдынгавая кампанія "Пінскдрэў" у цэху па вытворчасці драўняна-стружачных пліт паступіла 25 кастрычніка ў 13.06.

У выніку выбуху абваліліся пліты пакрыцця на плошчы каля 100 кв. метраў і сцены будынка — каля 400 кв. метраў, пашкоджана тэхналагічнае абсталяванне.

Загінулі тры чалавекі. Цяпер у медустановах Пінска, Брэста і Мінска знаходзяцца 18 чалавек. Стан траіх медыкі ацэньваюць як вельмі цяжкі, яшчэ траіх — як сярэдняй цяжкасці. Стан астатніх — цяжкі.

На месцы здарэння выкананы працы па ліквідацыі гарэння і разборы завалаў, паведамляе МНС. З-пад завалаў выратаваны адзін чалавек, прадухілена пагроза выбуху тэхналагічнага абсталявання помпава-кампрэсарнага цэха. Да ліквідацыі наступстваў НЗ прыцягваліся 34 адзінкі тэхнікі і 121 чалавек, у тым ліку 78 працаўнікоў МНС.

Будынак, дзе адбыўся выбух і пажар, прызнаны аварыйным. Наступнае абследаванне месца здарэння будзе адбывацца пасля зняцця пліт пакрыцця аварыйнага будынка.

Тэхналагічны працэс на прадпрыемстве не спынены, пастаўка драўняна-стружачных пліт для бесперапыннай працы прадпрыемства будзе ажыццяўляцца сумежнымі прадпрыемствамі, паведамляюць у МНС.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН