Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2010/11/02/423360_423373/
Дата раздрукоўкі: 23.02.2019 11:48
02.11.2010 17:32 Грамадства

Кіраўніцтва "Пінскдрэва" прыняло рашэнне аб дадатковых выплатах сем'ям загінулых і пацярпелых ад выбуху на заводзе ДСП

Мінск, 2 лістапада. Кіраўніцтва ЗАТ "Холдынгавая кампанія "Пінскдрэў" прыняло рашэнне аб выплаце дадатковай матэрыяльнай дапамогі пацярпелым ад выбуху на заводзе ДСП у Пінску: сем'ям загінулых — па 30 млн. рублёў, пацярпелым работнікам — па 20 млн., паведамляе афіцыйны сайт кампаніі.

Раней кіраўніцтвам холдынгу было прынята рашэнне аб першаснай матэрыяльнай дапамозе сем'ям загінулых і пацярпелым у выніку аварыі на СТАА "Пінскдрэў-ДСП" (сем'ям загінулых — па 13 млн. рублёў, пацярпелым — па 3 млн.). У цэлым выплаты сем'ям загінулых складуць па 100 млн. рублёў кожнай, пацярпелым — па 50 млн.

Ва ўсіх калектывах прадпрыемства пачаўся збор ахвяраванняў для пацярпелых. 28 кастрычніка прадстаўнікі адміністрацыі, кіраўніцтва завода ДСП і прафкама асабіста наведалі сем'і загінулых і ўручылі кожнай дадаткова частку сабраных сродкаў. Кіраўніцтва кампаніі вядзе працу са страхавымі кампаніямі на прадмет выплат пацярпелым. Акрамя гэтага, кіраўніцтвам холдынгу прынята рашэнне аб правядзенні суботніка 20 лістапада, усе заробленыя сродкі ад якога будуць накіраваны на выплаты сем'ям загінулых і пацярпелым, а таксама на аднаўленне завода ДСП.

Холдынг узяў на сябе ўсе расходы, звязаныя з арганізацыяй медыцынскай і псіхалагічнай дапамогі, а таксама пахаванняў. Надмагільныя помнікі памерлым будуць таксама ўстаноўлены за кошт прадпрыемства. "Кіраўніцтва і ўвесь калектыў холдынгу смуткуюць, — гаворыцца ў паведамленні. — Гэта велізарная трагедыя для нас. Мы не пакінем без дапамогі як матэрыяльнай, так і маральнай ніводнага пацярпелага і іх сем'і".

Кіраўніцтва выказвае "велізарную падзяку ўсім, хто не застаўся раўнадушным" да гэтай бяды. "Мы рэгулярна атрымліваем спачуванні ад розных арганізацый і матэрыяльную дапамогу для пацярпелых", — адзначаецца ў паведамленні.

Акрамя гэтага, "усе, хто ў выніку аварыі страціў сваё працоўнае месца, працаўладкаваныя на іншых прадпрыемствах холдынгу". Некаторыя папрасілі працоўны адпачынак, пасля заканчэння якога таксама будуць працаўладкаваныя.

Нагадаем, выбух і пажар на СТАА "Пінскдрэў-ДСП" адбыўся 25 кастрычніка. Лік загінулых дасягнуў 14 чалавек, яшчэ шасцёра ў цяжкім стане знаходзяцца ў клініках Мінска і Брэста. Прычынай аварыі, паводле папярэдніх звестак, стаў выбух пылепаветранай сумесі на ўчастку вытворчасці драўняна-паліўных гранул і наступны выбух у галоўным корпусе завода ДСП.
Таццяна Дарашчонак, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН