Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2010/11/11/425635_425666/
Дата раздрукоўкі: 23.02.2019 11:37
11.11.2010 15:50 Грамадства

Канчатковую выснову аб забеспячэнні бяспекі працы ў СТАА "Пінскдрэў-ДСП" можна будзе зрабіць пасля спецыяльнага расследавання

Мінск, 11 лістапада. Канчатковую выснову аб забеспячэнні працы у СТАА "Пінскдрэў-ДСП" можна будзе зрабіць пасля заканчэння спецыяльнага расследавання. Яно праводзіцца галоўным дзяржаўным інспектарам працы Беларусі Анатолем Садоўнічым. Пра гэта паведаміў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валяр'ян Кароль 11 лістапада падчас анлайн-канферэнцыі "Заканадаўства аб ахове працы: практычныя пытанні прымянення", якая праходзіць адначасова на сайтах дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Як паведаміў Кароль, па выніках расследавання будуць устаноўленыя прычыны надзвычайнага здарэння і асобы, якія дапусцілі парушэнні заканадаўства аб працы і аб ахове працы, а таксама распрацаваныя мерапрыемствы па ліквідацыі прычын няшчаснага выпадку. Да тых, хто дапусціў парушэнні заканадаўства, будуць прымененыя меры адміністрацыйнага ўздзеяння.

У сваю чаргу начальнік упраўлення аховы і дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы Іван Карчэўскі зазначыў, што ў арганізацыях, што ўваходзяць у склад ЗАТ "Холдынгавая кампанія "Пінскдрэў", укаранёныя і функцыянуюць сістэмы кіравання аховай працы, якія былі распрацаваныя ў адпаведнасці з дзяржаўнымі стандартамі СТБ 18001-2005. СТАА "Пінскдрэў-ДСП" правяралася дзяржінспектарамі працы Пінскай міжраённай інспекцыі працы Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы тройчы пры правядзенні спецыяльных расследаванняў няшчасных выпадкаў з цяжкімі наступствамі. Па выніках праверак у дачыненні да службовых асоб і наймальніка прымяняліся меры адміністрацыйнага ўздзеяння. Выдаваліся абавязковыя для выканання прадпісанні на ліквідацыю парушэнняў заканадаўства аб ахове працы. Прыпынялася праца машын, механізмаў і абсталявання, якія ўяўлялі патэнцыяльную пагрозу траўмавання работнікаў.

Як раней паведамляў БелаПАН, у выніку выбуху, што адбыўся на заводзе "Пінскдрэў-ДСП" 25 кастрычніка, загінулі 14 чалавек. Целы двух былі знойдзеныя ратавальнікамі пад заваламі, астатнія памерлі ў бальніцах ад моцных апёкаў.

Паводле звестак МНС, меркаваная прычына надзвычайнага здарэння — "выбух адкладанняў драўнянага пылу ў выніку парушэння рэжыму эксплуатацыі абсталявання па вытворчасці драўняна-паліўных гранул".

На ўзроўні Савета бяспекі Беларусі створана камісія па расследаванні прычын НЗ, якая 15 лістапада павінна паведаміць Савету бяспекі аб выніках расследавання. Апрача таго, уласную камісію па расследаванні прычын трагедыі стварыла кіраўніцтва кампаніі "Пінскдрэў".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН