Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2010/11/13/426240/
Дата раздрукоўкі: 16.12.2018 04:02
13.11.2010 14:18 Грамадства, Культура

Колькасць артыкулаў у беларускай "Вікіпедыі" дасягнула 25 тысяч

Мінск, 13 лістапада. Беларускі раздзел "Вікіпедыі", размешчаны па адрасе http://be.wikipedia.org, дасягнуў 25 тысяч артыкулаў, паведаміў БелаПАН член ініцыятыўнай групы па рэгістрацыі фонду "Вікімедыя" ў Беларусі Васіль Кісляк.

Паводле яго слоў, сёння гэты буйны інтэрнэт-рэсурс змяшчае карысныя звесткі пра гісторыю і культуру Беларусі, яе адміністрацыйны падзел, геаграфію, жывёльны свет, помнікі архітэктуры і вядомых асоб краіны.

Як нагадаў Васіль Кісляк, "Вікіпедыя" — гэта энцыклапедыя, якую супольна пішуць і падтрымліваюць яе чытачы.

"Яна працуе на спецыяльным тыпе праграмнага забеспячэння, які называецца "вікі" (адсюль назва) і прызначаны як мага лепей забяспечваць супольную працу, — расказаў каардынатар. — Свабодная энцыклапедыя з’яўляецца некамерцыйнай ініцыятывай, доступ да яе ведаў адкрыты для ўсіх, хто карыстаецца інтэрнэтам. Яна не ставіць палітычных, нацыянальных ці рэлігійных мэтаў і ў дадатак да гэтага не размяшчае на сваіх старонках рэкламы. У выніку "Вікіпедыя" робіцца надзвычай папулярным рэсурсам і па частаце наведванняў трымае ў гэтыя дні сёмае месца ў свеце".

Беларускі раздзел працуе пачынаючы са жніўня 2006 года, паведаміў Кісляк. У сакавіку 2008 года быў створаны 10-тысячны артыкул, у маі 2010-га – 20-тысячны. Сёння артыкулы на беларускай мове ствараюцца 160 удзельнікамі, усе яны працуюць на добраахвотнай аснове, адзначыў каардынатар.

"Беларуская "Вікіпедыя" хутка набірае моц праз няўхільнае стварэнне новых артыкулаў, паляпшэнне ўжо існуючых і актыўныя дзеянні па іх сістэматызацыі і звязнасці, — сказаў Кісляк. — Асноўнымі катэгорыямі раздзела з'яўляюцца грамадства, гісторыя, культура, беларусы, рэлігія, навука, прырода і тэхніка.

"У параўнанні з адгалінаваннямі свабоднай энцыклапедыі на іншых мовах наш раздзел на працягу апошняга года вызначаецца дынамічным ростам і зладжанай мэтанакіраванай працай", — дадаў ён.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН