Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2010/11/16/media_zhukovich/
Дата раздрукоўкі: 15.11.2019 00:43
16.11.2010 18:59 Відэа, Грамадства

Паэт Васіль Жуковіч: Калі Ўсявышні дазволіць, то я яшчэ многае скажу чытачам і нашай Бацькаўшчыне

16 лістапада ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася вечарына, прысвечаная 70-годдзю паэта, празаіка, перакладчыка Васіля Жуковіча.

Найбольш вядомыя яго кнігі — аповесць "Як адна вясна", зборнікі вершаў "Паклон", "Мелодыя святла", "У храме хараства і смутку", "Кахання радасці й пакуты", "Мой Міцкевіч", некалькі зборнікаў песень, створаных у супольніцтве з беларускімі кампазітарамі.

У інтэрв`ю БелаПАН Васіль Жуковіч падзяліўся: "Я — рэаліст, але не ўяўляю чалавека не толькі творчага — увогуле чалавека, які б сказаў: я ўсё тут зрабіў. Тым больш калі ты нешта творыш, то гэта такая бясконцая чарга, што ўсё пераплятаецца: сённяшні дзень, заўтрашні, учарашні. І планаў проста не пералічыць. Па-першае, кніжак невыдадзеных шмат, па-другое, я разрываюся ў жанрах — пішу лірыку, гумар, для дзяцей, з кампазітарамі ствараем песні. Ніяк не вазьмуся за прозу — у мяне аж пішчаць будучыя апавяданні, а можа, і невялікія аповесці. Яны просяць выйсця, даць ім волю, разгарнуць тое, што ў мяне на сэрцы ляжыць, што ў маім розуме".

Юбіляр прызнаўся, што адчувае сябе маладым, нягледзячы на гады, што такі рубеж узяты паспяхова і лёгка. "Калі Ўсявышні дазволіць, то я яшчэ многае скажу чытачам і нашай Бацькаўшчыне", — заверыў ён.

Паэт і перакладчык Валерый Стралко дадаў, што на вершы Жуковіча пішуць песні такія вядомыя айчынныя кампазітары, як Эдуард Зарыцкі, Леанід Захлеўны, Уладзімір Буднік. "Ён вельмі актыўны, працалюбівы, спагадлівы, — расказвае калега, — вельмі шмат людзей да яго звяртаюцца па нейкую дапамогу, і ён заўсёды дапаможа, чаго б яму гэта ні было варта. Дарэчы, ён перакладае з украінскай мовы — Івана Франка, Лесю Украінку, Уладзіміра Сасюру. Словам, гэта вельмі шматгранны чалавек".
Відэа Уладзіміра Бабарыкі, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН