Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2010/11/19/427925_427969/
Дата раздрукоўкі: 23.02.2019 11:39
19.11.2010 19:24 Грамадства

Камісія "Пінскдрэва" па расследаванні прычын НЗ лічыць, што пажар і выбух адбыліся з-за парушэння рэгламенту рамонтных работ

Мінск, 19 лістапада. Камісія холдынгу "Пінкдрэў" па расследаванні прычын надзвычайнага здарэння на заводзе "Пінскдрэў-ДСП" лічыць, што пажар і выбух адбыліся з-за парушэння рэгламенту рамонтных работ.

"Створаная кіраўніцтвам холдынгу камісія па расследаванні прычын НЗ з тэхнічных і лінейных спецыялістаў, якія дасканала ведаюць тэхналогію і асаблівасці вытворчасці ДСП і пелет, зрабіла выснову, што ў гэтым выпадку прычынай стала парушэнне рэгламенту правядзення рамонтных работ", — гаворыцца ў заяве кіраўніцтва "Пінскдрэва", што размешчана на афіцыйным сайце.

"Абсталяванне на вытворчасці пелет да абеду таго трагічнага дня знаходзілася на прафілактыцы, і не былі завершаны ўсе рэгламентаваныя работы. Кожны тыдзень па панядзелках у першай змене на ўчастку ДТГ (пелет), згодна з распараджэннем па заводзе, з 7 гадзін да 11 гадзін праводзілася ўборка ўчастку ад стружкі і пылу, што сабраліся на абсталяванні і высока размешчаных канструкцыях, і прафілактыка абсталявання. Для гэтага на ўчастку адключаецца ўсё абсталяванне, праводзіцца яго чыстка, агляд, з наступнай вільготнай уборкай памяшкання. Пры неабходнасці ў гэты час праводзяцца работы на абсталяванні, якое патрабуе рамонту. Да завяршэння ўсіх работ абсталяванне ўчастку не павінна працаваць, — гаворыцца ў заяве. — Без выканання паслядоўнасці было ўключана абсталяванне, што прывяло да выкіду рэчыва, якое складаецца з дробна размолатай драўнянай сыравіны, што пацягнула ўзгаранне і выбух. Хоць для гэтага неабходна крыніца агню".

Як паведамляе кіраўніцтва кампаніі, прычыны трагедыі цяпер устанаўліваюць следчыя органы. "Кіраўніцтва і работнікі прадпрыемства, гэтак жа як і ўвесь шматтысячны калектыў холдынгу, як ніхто іншы зацікаўлены ва ўстанаўленні сапраўднай прычыны здарэння — гэта мы страцілі сваіх сяброў і калег, і мы павінны быць упэўненыя, што падобнае ніколі не паўторыцца", — падкрэсліваецца ў заяве.

"Мы не збіраемся нікога абараняць, але і шукаць новых ахвяр няма сэнсу. Прэзідэнт краіны А.Р.Лукашэнка даў заданне "разабрацца аб'ектыўна і пакараць менавіта вінаватых", і гэта будзе зроблена. Так што не варта лішні раз верадзіць і без таго балючае месца і бударажыць грамадскасць, падаграваючы нездаровую цікавасць людзей і кідаючы цень на ўсё прадпрыемства ў цэлым", — лічыць кіраўніцтва "Пінскдрэва".

Нагадаем, пажар на заводзе "Пінскдрэў-ДСП" адбыўся 25 кастрычніка. Паводле звестак МНС, прычынай мог быць "выбух адкладанняў драўнянага пылу ў выніку парушэння рэжыму эксплуатацыі абсталявання па вытворчасці драўняна-паліўных гранул". Ахвярамі трагедыі сталі 14 работнікаў прадпрыемства. Па гэтым факце Генеральнай пракуратурай расследуецца справа па ч. 2 арт. 302 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правіл вытворча-тэхнічнай дысцыпліны, правіл бяспекі на выбухованебяспечных прадпрыемствах ці ў выбухованебяспечных цэхах або правіл бяспекі выбухованебяспечных работ).
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН