Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2010/12/06/by_media_akcia_v/
Дата раздрукоўкі: 22.02.2019 11:07
06.12.2010 22:37 Відэа, Грамадства

На сустрэчы з выбаршчыкамі Някляеў і Саннікаў заклікалі іх сабрацца вечарам 19 снежня на плошчы і не паддавацца на правакацыі

Прыкладна дзве тысячы чалавек узялі ўдзел у сустрэчы з кандыдатамі ў прэзідэнты Уладзімірам Някляевым і Андрэем Саннікавым на Прывакзальнай плошчы Мінска вечарам 6 снежня.

Раней, анансуючы мерапрыемства, Някляеў назваў яго альтэрнатывай IV Усебеларускаму народнаму сходу, на які ён так і не змог патрапіць у якасці дэлегата.

Сустрэчу кандыдатаў з выбаршчыкамі вёў рок-музыкант Дзмітрый Вайцюшкевіч. Прамовам кандыдатаў папярэднічала выступленне рэпера Vincentа.

Някляеў зачытаў сваю прамову, з якой збіраўся выступіць на IV Усебеларускім народным сходзе. Ён адзначыў, што прамова пачынаецца так: "Паважаныя суграмадзяне! Я вымаўляю гэтыя словы і тут жа задаю пытанне: паважаныя — кім? Хто нас паважае? Іншыя дзяржавы? Але тады чаму беларускае кіраўніцтва пасварылася з усімі суседзямі? Хіба мы сварымся з тымі, хто паважае нас і каго паважаем мы?"

Паводле слоў Някляева, народ, які паважае сябе, не можа дазволіць, каб яго колькасць за 15 гадоў паменшылася на 700 тыс., і маўчаць пра гэта.

Ён пагадзіўся з прапановай кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага абмеркаваць 9 снежня стратэгію адстойвання свайго выбару на прэзідэнцкіх выбарах.

На думку Някляева, аб'яднанню дэмакратычных кандыдатаў перашкаджаюць палітычныя амбіцыі не толькі асобных кандыдатаў у прэзідэнты, але і кандыдатаў ад палітычных партый, якім неабходна вытрымліваць пэўную палітычную лінію.

Ён заклікаў усіх выйсці 19 снежня на плошчу і падчас адстойвання свайго выбару не паддавацца на правакацыі. "Слухайце тых, хто туды вас запрасіў. Слухайце Уладзіміра Някляева!" — сказаў кандыдат.

Ізноў "памяняць лысую рызіну" заклікаў Андрэй Саннікаў.

Паводле слоў палітыка, Аляксандр Лукашэнка схаваўся і праігнараваў тэледэбаты, у якіх удзельнічалі ўсе дзевяць альтэрнатыўных кандыдатаў. IV Усебеларускі народны сход Саннікаў лічыць "нядрэнным мерапрыемствам", аднак, мяркуе кандыдат, яго трэба назваць не "Усебеларускі народныя сход", а "Усебеларускі народны сыходзь".

Кандыдат нагадаў, што 19 снежня грамадзяне павінны абараніць свой выбар на плошчы.

Жонка Саннікава журналістка Ірына Халіп заявіла, што цяперашняя ўлада "не страшная, а нікчэмная". "Гэта ўлада бяздарнасцей на чале з галоўнай бяздарнасцю", — лічыць яна.

"19 снежня, калі мы выйдзем на плошчу, улада абрынецца", — пераканана Халіп. Яна заклікала жанчын далучыцца ў гэты дзень да сваіх мужоў.

Падчас сустрэчы з выбаршчыкамі Някляеў і Саннікаў падпісалі сумесны зварот з патрабаваннем прамога эфіру на тэлебачанні.

Перад прысутнымі выступілі таксама мастак Аляксей Марачкін і паэт Генадзь Бураўкін.

На акцыі прысутнічала вялікая колькасць супрацоўнікаў спецслужбаў у цывільным. На другім баку Прывакзальнай плошчы актывісты БРСМ і "Белай Русі" арганізавалі невялікі пікет у падтрымку Лукашэнкі.
Відэа Уладзіміра Бабарыкі, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН