Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2010/12/10/by_media_moda_v/
Дата раздрукоўкі: 12.12.2018 22:34
10.12.2010 21:03 Відэа, Грамадства

Саша Варламаў аб калекцыях маладых дызайнераў: Гэта ўнікальны — не прыўнесены, не запазычаны, а беларускі пункт гледжання на моду

Вечарам 10 снежня ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі адкрылася выстава работ маладых дызайнераў адзення. Яна прысвечана Новаму году і Калядам, адлюстроўвае сучасныя тэндэнцыі ў развіцці беларускай моды.

На выставе прадстаўлена каля дваццаці мадэлей. Гэта камплекты адзення з нацыянальнага фестывалю-конкурса моды і фота "Млын Моды — 2010": калекцыя Touch of Black Milk Марыі Баяроўскай, "Гуляючы ў Марлен" Ірыны Ляднёвай, "Казырная" Марыі Дзейкун, "Героі нашага часу" Наталлі Ляхавец, а таксама шэсць камплектаў адзення з фондаў "Беларускага Цэнтра моды".

Галоўная мэта выставы — пазнаёміць наведвальнікаў з творчасцю маладых таленавітых беларускіх дызайнераў адзення.

Як патлумачыла БелаПАН Марыя Дзейкун, за аснову яе калекцыі быў ўзяты касцюм Францыі 17-го стагоддзя. "Я яго па-свойму развівала, — кажа дызайнер, — пасля чаго гэта мікшыравалася рымскай тэматыкай, а галаўныя ўборы прыдалі калекцыі трошкі брутальнасці, нахабнасці, эпатажнасці".

Галоўны натхняльнік фестывалю "Млын Моды", кіраўнік цэнтра маладзёжнай моды Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Саша Варламаў высока ацэньвае работы маладых майстроў:
"Калекцыі цэльныя, цікавыя, гэта ўнікальны — не прыўнесены, не запазычаны, — а беларускі пункт гледжання на моду. Гэта тое, што нашы дызайнеры самі прыдумалі, адчулі. Крыніцай інспірацыі былі вобразы, якія нас акружаюць, — гэта і снежны Мінск, і адчуванне свята, і ўрачыстасць. Карацей кажучы, мне вельмі падабаецца, што тут адбываецца, — гэта густоўна!"
Відэа Васіля Сямашкі, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН