Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2010/12/18/435580_435584/
Дата раздрукоўкі: 16.12.2018 04:51
18.12.2010 17:44 Палітыка

WikiLeaks: Капітал Лукашэнкі ацэньваецца ў 9 млрд. долараў ЗША

Мінск, 18 снежня. Капітал Аляксандра Лукашэнкі ацэньваецца ў 9 млрд. долараў, паведаміла 17 снежня брытанская газета Guardian са спасылкай на інтэрнэт-рэсурс WikiLeaks, які размясціў справаздачу пасольства ЗША ў Мінску ўраду сваёй краіны, датаваную 16 чэрвеня 2006 года.

У прыватнасці, Guardian публікуе рэзюме з дэпешы, засакрэчанай тагачасным паслом ЗША ў Беларусі Джорджам Кролам.
У рэзюме паведамляецца, што эканамічны супрацоўнік пасольства атрымаў спіс 50 найбагацейшы алігархаў Беларусі з ацэнкамі чыстага кошту іх актываў. Кіраўнік беларускай дзяржавы "камфартабельна размясціўся на вяршыні спіса 50 найбагацейшых алігархаў краіны, паведамляюць амерыканскія дыпламаты", піша Guardian. Выданне адзначае, што "ў непацверджаным спісе пераважаюць сябры Аляксандра Лукашэнкі".

У справаздачы пасольства ЗША таксама гаворыцца, што пошук у інтэрнэце дазволіў дыпламатам знайсці больш раннюю версію спіса, амаль ідэнтычную той, якая апынулася ў іх распараджэнні. Пры гэтым супрацоўнік пасольства не змог пацвердзіць крыніцы або дакладнасць інфармацыі са спісаў, аднак ацаніў яе як "вельмі надзейную". Пералічаныя ў спісе людзі "мелі магчымасць абагачацца, і звесткі паказваюць, што многія так і рабілі", адзначаецца ў дэпешы.

Публікацыю ў Guardian з WikiLeaks БелаПАН пракаментаваў кіраўнік прэс-службы прэзідэнта Беларусі Павел Лёгкі. "Па-першае, гэта поўная лухта, — заявіў ён. — І вельмі характэрна, што не раскрываюцца крыніцы інфармацыі. Тое, што ніякіх крыніцаў не існуе ў прынцыпе, — гэта відавочна".

"Па-другое, — нагадаў кіраўнік прэс-службы, — у свой час Аляксандр Лукашэнка прапанаваў тагачаснаму прэзідэнту ЗША Джорджу Бушу знайсці яго капіталы і забраць іх сабе. Бушу нават быў адпраўлены адпаведны ліст. Па-трэцяе, хачу запытаць: якім чынам у Беларусі можна ўкрасці такія каласальныя грошы?"

"Так што дэпеша амерыканскага дыпламата, калі яна сапраўды існавала, — глупства проста фантастычнага размаху", — мяркуе Павел Лёгкі.
Якія-небудзь каментарыі ў сувязі з публікацыяй у Guardian у пасольстве ЗША ў Беларусі БелаПАН пакуль атрымаць не ўдалося.
Антон Тарас, Андрэй Серада, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН