Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2010/12/19/436027_436028/
Дата раздрукоўкі: 12.12.2018 21:31
19.12.2010 19:39 Палітыка

Масавая акцыя пратэсту ў цэнтры Мінска (абнаўляецца)

Мінск, 19 снежня. У цэнтры Мінска збіраюцца прыхільнікі апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, не згодныя з афіцыйнымі звесткамі пра ход галасавання.
19.00. Частка ўдзельнікаў акцыі — каля 100 чалавек — сабраліся на Прывакзальнай плошчы, адкуль збіраюцца адправіцца да Палаца Рэспублікі. У руках прысутных сцягі аргкамітэта партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" і "Маладога фронту". Прысутнічае кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі. Ён падкрэсліў, што акцыя будзе насіць мірны характар, і заклікаў супрацоўнікаў праваахоўных органаў не перашкаджаць мірнаму волевыяўленню грамадзян і іх шэсцю на Кастрычніцкую плошчу.

Яшчэ каля 100 прыхільнікаў апазіцыі сабраліся каля офіса руху "Гавары праўду!" на вуліцы Няміга. Яны таксама накіроўваюцца да Кастрычніцкай плошчы са сцягамі руху "Гавары праўду!", бел-чырвона-белымі сцягамі. Разам з калонай людзей рухаецца мікрааўтобус з гукаўзмацняльнай апаратурай. Кіраўнік штаба Някляева Андрэй Дзмітрыеў заявіў: "На плошчы не будзе людзей за Някляева, за Саннікава, за Статкевіча або за іншых кандыдатаў. Ёсць мы — з аднаго боку і яны — з другога. Калону ўдзельнікаў акцыі ўзначальваюць кандыдаты ў прэзідэнты Уладзімір Някляеў і Мікалай Статкевіч.

Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным назіраюць за тым, што адбываецца, здымаюць усё на відэа, але шэсцю пакуль не перашкаджаюць.

Раней шэраг апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты заклікалі выбаршчыкаў прыйсці сёння ў 20.00 на Кастрычніцкую плошчу Мінска, каб выказаць недавер афіцыйным вынікам галасавання. Пры гэтым палітыкі падкрэслівалі: акцыя будзе насіць выключна мірны характар.

Генпракуратура заклікала прыхільнікаў апазіцыйных кандыдатаў "не паддавацца на правакацыйныя заклікі" і не выходзіць на плошчу 19 снежня.

Пяць кандыдатаў у прэзідэнты — Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Мікалай Статкевіч, Яраслаў Раманчук і Андрэй Саннікаў — атрымалі афіцыйныя папярэджанні Генпракуратуры за публічныя заклікі ўдзельнічаць у несанкцыянаванай акцыі.

19.20. Калона на чале з Уладзімірам Някляевым адышла ад офіса "Гавары праўду!" прыкладна на 10 метраў. Ззаду наляцела група людзей у чорным, кінулі шмат дымавых шашак, збілі Уладзіміра Някляева. Кандыдата аднеслі на руках у офіс, яму выклікалі хуткую дапамогу.

У журналістаў забралі камеры і мабільныя тэлефоны. Многіх людзей збілі, у тым ліку карэспандэнта "Нью-Ёрк Таймс" спадара Хіла.

19.33. Пачалося шэсце ўдзельнікаў акцыі ад Прывакзальнай да Кастрычніцкай плошчы.

Дэманстранты перайшлі па падземным пераходзе ад Прывакзальнай плошчы на вуліцу Кірава і ідуць у бок Кастрычніцкай плошчы. Скандзіруюць "Жыве Беларусь!", нясуць сцягі аргкамітэта БХД і міжнароднай арганізацыі "Малады фронт".

У шэсці бяруць удзел, паводле папярэдніх ацэнак, каля 500 чалавек. Яны ідуць па ходніках, не перашкаджаючы руху транспарту. Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным суправаджаюць іх, аднак у ход правядзення шэсця пакуль не ўмешваюцца.

19.39. На Кастрычніцкай плошчы пакуль усе спакойна, збіраюцца людзі. Зараз іх каля 500 чалавек. Каток па-ранейшаму працуе. Выхад з метро адкрыты, аўтобусы спыняюцца. На плошчу таксама прыбыло некалькі здымачных груп, фатографаў.

19.40. Някляеў прыйшоў у прытомнасць. Візуальна ў яго падбітае левае вока. Магчыма, ёсць яшчэ нейкія пашкоджанні. Прыехала хуткая. Андрэй Дзмітрыеў паведаміў, што затрымана каля 50 актывістаў кампаніі, хто менавіта, пакуль невядома. Паводле слоў Дзмітрыева, каля 15 чалавек паранены.

19.50. На Кастрычніцкай плошчы з`явіліся першыя бел-чырвона-белыя сцягі. Сабралася каля тысячы чалавек. Натоўп скандзіруе "Жыве Беларусь!". Каток працягвае працаваць, людзі катаюцца.

19.53. Пад апладысменты журналістаў і актывістаў Уладзіміра Някляева на насілках перанеслі з офіса кампаніі "Гавары праўду!" у машыну хуткай дапамогі.

19.57. Дэманстранты з боку Прывакзальнай плошчы падыходзяць да Кастрычніцкай плошчы. Зараз яны праходзяць па тратуары міма ўніверсама "Цэнтральны". З`явіўся кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў. Ён ідзе з групай сваіх прыхільнікаў без сцягоў і лозунгаў. Гэта група ідзе ўперадзе калоны дэманстрантаў, якіх вядзе Віталь Рымашэўскі.

19.57. Паводле звестак штаба Някляева, збіты кандыдат у прэзідэнты прабыў у непрытомнасці 7 мінут. Паводле слоў медыкаў, у яго траўма галавы сярэдняй цяжкасці. Шпіталізаваны таксама актывіст кампаніі "Гавары праўду!" Аляксандр Ацарбараў.

19.59. Станцыі метро "Кастрычніцкая " і "Купалаўская" зачынены. На станцыі "Кастрычніцкая" вісіць аб`ява аб тым, што станцыя не працуе па тэхнічных прычынах. На Кастрычніцкай плошчы таксама не спыняюцца аўтобусы.

20.00. Ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей МУС адмаўляюць выкарыстанне супрацоўнікамі міліцыі дымавых шашак каля офіса кампаніі "Гавары праўду!".

20.06. Дэманстранты з боку вакзала дайшлі да Кастрычніцкай плошчы. У калоне прысутнічаюць Андрэй Саннікаў, Рыгор Кастусёў, Віталь Рымашэўскі, Мікалай Статкевіч. Уся плошча запоўнена народам.

20.16. На Кастрычніцкай плошчы з`явіліся кандыдаты Яраслаў Раманчук і Віктар Цярэшчанка. Прысутныя скандзіруюць "Жыве Беларусь!", развяваюцца бел-чырвона-белыя сцягі, сцягі АГП, кампаніі "Еўрапейская Беларусь" і інш.

19.56. Кіраўнік штаба Някляева Андрэй Дзмітрыеў заклікаў актывістаў, якія засталіся каля офіса кампаніі "Гавары праўду!" і якіх раней разагнала міліцыя, усё ж прайсці на Кастрычніцкую плошчу. "Нельга проста так утоптваць людзей у гразь і снег. Мы не павінны згінацца", — сказаў Дзмітрыеў. Цяпер каля офіса знаходзіцца менш за 50 чалавек, яны спрабуюць арганізаваць калону. Гукаўзмацняльная апаратура забраная.

20.23. Калона актывістаў кампаніі "Гавары праўду!", каля 50 чалавек, набліжаецца да Кастрычніцкай плошчы. Зараз яна знаходзіцца на плошчы Свабоды. Прысутныя трымаюць сцягі кампаніі. Дэманстрантаў узначальваюць кіраўнік выбарчага штаба Някляева Андрэй Дзмітрыеў і актывіст кампаніі Сяргей Вазняк. Збіты Уладзімір Някляеў дастаўлены ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі.

20.30. На Кастрычніцкай плошчы сабралася каля 20 тысяч чалавек, запоўнена ўся плошча. "Будзем стаяць і чакаць вынікаў галасавання, а потым будзем адстойваць свае галасы", — заявіў Мікалай Статкевіч. Зараз на прыступках Палаца прафсаюзаў устанаўліваецца гукаўзмацняльная апаратура.

20.34. Калона актывістаў кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева дабралася да Кастрычніцкай плошчы, дзе далучылася да дэманстрантаў.

20.50. Мікалай Статкевіч выступіў на Кастрычніцкай плошчы. Ён паведаміў, што, паводле вынікаў незалежных экзіт-полаў, Аляксандр Лукашэнка атрымаў толькі 30,5%. Кандыдаты ў прэзідэнты заявілі аб стварэнні паралельнага ўрада, у які ўвойдуць таксама незалежныя кандыдаты ў дэпутаты з апошніх парламенцкіх выбараў. У альтэрнатыўны ўрад запрошаны лідар Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі — БНФ Зянон Пазняк і лідар БНР Івонка Сурвіла.

Удзельнікі акцыі застаюцца на плошчы і чакаюць абвяшчэння афіцыйных вынікаў галасавання. Андрэй Дзмітрыеў заявіў, што на плошчы павінен з`явіцца Някляеў, нягледзячы на тое што ён быў сур`ёзна збіты і шпіталізаваны. "Нас нельга запалохаць. Можна збіць, але запалохаць не атрымаецца. Жыве Беларусь!" — заявіў Дзмітрыеў.

20.58. Дэманстранты, якія сабраліся на Кастрычніцкай плошчы, выйшлі на праезную частку праспекта Незалежнасці і перакрылі рух. Калона пачала рух у бок плошчы Незалежнасці.

21.08. Дэманстранты рухаюцца пра праспекце Незалежнасці міма будынка КДБ у бок плошчы Незалежнасці. Яны кажуць, што ідуць да Цэнтрвыбаркама.

21.20. Калона дайшла да плошчы Незалежнасці і паступова займае яе.

21.27. Людзі сабраліся насупраць будынка Мінгарвыканкама. Супрацоўнікі міліцыі, чый фургон з`явіўся на плошчы, папярэдзілі прысутных пра незаконнасць іх дзеянняў і паведамілі, што ў дачыненні да іх могуць быць прыменены спецсродкі. Супрацоўнікі міліцыі таксама папрасілі прадстаўнікоў СМІ і прахожых адысці на бяспечную адлегласць ад натоўпу. Тым часам на плошчу прыбыў Андрэй Саннікаў.

21.40.Некалькі тысяч чалавек знаходзяцца каля Дома ўрада. Сярод іх — кандыдаты ў прэзідэнты Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч, Рыгор Кастусёў.

Статкевіч паведаміў аб фарміраванні групы, якая будзе ўпаўнаважана весці перамовы з урадам наконт правядзення новых прэзідэнцкіх выбараў без удзелу ў іх Аляксандра Лукашэнкі. Ён заклікаў удзельнікаў акцыі падтрымаць гэту групу сваёй прысутнасцю.

Нешматлікая група людзей паспрабавала прарвацца ў Дом урада. Некаторыя ўдзельнікі акцыі чулі, як адзін з супрацоўнікаў міліцыі аддаў загад разбіваць шкло. Прысутныя ўспрынялі гэта як правакацыю і заклікалі групу разысціся.

На гэты момант каля Дома ўрада ўстанаўліваецца гукаўзмацняльная апаратура.

22.10. На плошчы выступіў адзін з каардынатараў кампаніі "За справядлівыя выбары" Сяргей Калякін. Ён заявіў, што, паводле вынікаў назірання актывістаў кампаніі, Лукашэнка не перамог у першым туры: апытанні на выхадзе з выбарчых участкаў паказалі, што ў Мінску за яго прагаласавалі 28%, а ў абласцях — 35% выбаршчыкаў. Таму, сказаў Калякін, павінен быць аб`яўлены другі тур выбараў. Акрамя таго, паводле яго слоў, паўсюдна былі зафіксаваны парушэнні, у прыватнасці бюлетэні датэрміновага галасавання змешваліся з бюлетэнямі асноўнага дня галасавання. Паасобнага падліку галасоў не было.

22.13. Група людзей, не ўдзельнікаў акцыі, рушыла да Дома ўрада, разбілі дзверы. Да Дома ўрада падцягваюцца іншыя дэманстранты, якіх на плошчы каля 15—20 тысяч.
22.20. Дэманстранты працягваюць выломліваць дзверы ў Дом урада. Побач з імі стаяць Саннікаў, Халезін, Халіп, на тварах якіх усмешкі. На пытанне БелаПАН аб тым, што будзе адбывацца далей, Саннікаў адказаў: "Зараз вы ўсё ўбачыце". Пры гэтым палітык не адказаў на пытанне, ці падтрымлівае ён тыя беспарадкі, якія пачаліся. На гэты час атрымалася выламаць некалькі дзвярэй. Натоўп успрыняў гэта бурна. Але прастора за дзвярыма перакрыта шчытамі АМАП, так што трапіць унутр немагчыма. Міліцыі на ступеньках няма. Прастора перад уваходам акружана шчыльным натоўпам людзей.

22.31. Міліцыя пачала адціскаць дэманстрантаў. Да цэнтральнага ўваходу Дома ўрада падбеглі байцы АМАПа з пластыкавымі шчытамі і дубінкамі. Яны адціснулі тых людзей, якія білі шкло, ад уваходу ў Дом урада. Міліцыя ачапіла тых, хто на плошчы, і не дапускае іх да Дома ўрада. Дэманстранты скандзіруюць "Сыходзьце!" і адціскаюць супрацоўнікаў міліцыі ў бок Дома ўрада.

22.44. Супрацоўнікі палка міліцыі спецпрызначэння, якія спрабавалі адціснуць дэманстрантаў ад плошчы, увайшлі ў Дом урада і засяродзіліся на яго ахове. Невядомыя кінулі побач з супрацоўнікамі міліцыі дымавую шашку. Некалькі чалавек з боку дэманстрантаў былі падчас інцыдэнту збіты. Арганізатары мітынгу заявілі, што гэта была правакацыя з боку пераапранутых супрацоўнікаў спецслужбаў і заклікалі мітынгоўцаў не паддавацца на правакацыі і не ўступаць у сілавое супрацьстаянне з работнікамі міліцыі. Тым не менш група дэманстрантаў працягвае спробы прарвацца ў Дом урада. Арганізатары акцыі заклікалі заставацца на плошчы да пераможнага канца.

22.48. Падчас сутыкненняў з супрацоўнікамі міліцыі пацярпеў кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі, у яго разбітая галава. "Рассадзілі скуру на галаве, ёсць кроў", — паведаміў БелаПАН кіраўнік штаба Рымашэўскага Павел Севярынец. Паводле яго слоў, Рымашэўскі адчувае сябе нармальна, зараз выступае перад удзельнікамі мітынгу.

22.50. На мітынгу, які праходзіць на прыступках перад Домам урада, выступіў кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў. Ён заявіў, што прадстаўнікі апазіцыі будуць заставацца тут "да перамогі".

Байцы міліцэйскага спецназа пакінулі пляцоўку перад домам урада пад апладысменты мітынгоўцаў. Удзельнікі акцыі зноў паспрабавалі атакаваць дзверы ў Дом урада, але прысутныя на мітынгу кандыдаты ў прэзідэнты заклікалі іх не рабіць гэтага. Адзін з выступоўцаў на мітынгу заявіў, што рэжыму засталіся лічаныя гадзіны.

22.57. Сыход міліцыі з пляцоўкі перад уваходам у Дом урада аказаўся тактычным манеўрам. Цяпер АМАП агароджвае прастору каля Дома ўрада за помнікам Леніна ад натоўпу дэманстрантаў.

22.59. Да супрацоўнікаў спецназа, якія загарадзілі прастору перад Домам урада, падцягваецца падмацаванне, і яны крок за крокам пачынаюць выціскаць дэманстрантаў з плошчы Незалежнасці. Арганізатары акцыі заклікалі кіраўнікоў міліцыі падысці да трыбуны для перамоў.

23.04. Прайшлі перамовы паміж Віталём Рымашэўскім і камандаваннем спецназа. Пасля гэтага прысутным на плошчы паведамілі, што дасягнута такая дамоўленасць: кандыдаты прыбіраюць сваю апаратуру, а спецназ нікога не будзе затрымліваць. Тым часам некалькі аўтазакаў пад`ехалі непасрэдна да ўваходу ў Дом урада, плошча ачэплена супрацоўнікамі праваахоўных органаў, але яны дазваляюць людзям сыходзіць. З боку педагагічнага ўніверсітэта падышла шарэнга спецназа, якая пачала выціскаць людзей з плошчы Незалежнасці.

23.09. Людзі пачалі разыходзіцца з плошчы Незалежнасці. Арганізатары акцыі аб`явілі, што акцыя будзе бестэрміновай, і заклікалі ўсіх прыйсці на плошчу Незалежнасці заўтра ў 18.00. Сыход дэманстрантаў з плошчы выкліканы найперш дзеяннямі супрацоўнікаў міліцыі, якія сілай адціснулі людзей з плошчы. Пры гэтым некалькі дзясяткаў чалавек збітыя міліцыяй.

00.17. Затрыманыя Мікалай Статкевіч, Рыгор Кастусёў, Андрэй Саннікаў і яго жонка Ірына Халіп. Віталь Рымашэўскі знаходзіцца ў бальніцы хуткай дапамогі.

01.21. З бальніцы хуткай дапамогі ў невядомым кірунку павезены Уладзімір Някляеў. Затрыманы старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак. Рымашэўскі затрыманы на выхадзе з бальніцы.

Сяргей Пульша, Антон Тарас, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН