Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2010/12/20/436396_436397/
Дата раздрукоўкі: 22.02.2019 11:23
20.12.2010 15:02 Палітыка

Выбары ў Беларусі па-ранейшаму не адпавядаюць стандартам АБСЕ (дапоўнена)

Мінск, 20 снежня. Выбары ў Беларусі па-ранейшаму не адпавядаюць стандартам АБСЕ — такое заключэнне міжнародных назіральнікаў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) і Парламенцкай асамблеі (ПА) АБСЕ, абнародавана 20 снежня ў Мінску.

"Учарашнія прэзідэнцкія выбары паказалі, што Беларусі ўсё яшчэ трэба прайсці значны шлях, каб пачаць адпавядаць сваім абавязацельствам у рамках АБСЕ, хоць былі зроблены некаторыя пэўныя паляпшэнні", — гаворыцца ў дакуменце.

Адзначаецца таксама, што дзень галасавання "быў азмрочаны затрыманнямі большасці кандыдатаў у прэзідэнты і сотняў актывістаў, журналістаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці".

"У той час як галасаванне ў дзень выбараў у цэлым атрымала станоўчую ацэнку, працэс значна пагоршыўся падчас падліку галасоў: паводле ацэнак назіральнікаў, амаль палова галасоў (пад назіраннем) падлічвалася дрэнна ці вельмі дрэнна. Гэта падарвала захады, зробленыя для таго, каб палепшыць выбары", — адзначаюць назіральнікі АБСЕ.

Як заявіў кіраўнік кароткатэрміновай місіі назіральнікаў АБСЕ і дэлегацыі ПА АБСЕ Тоні Лойд, "гэтыя выбары не змаглі даць Беларусі новы старт, у якім яна мела патрэбу". "Працэс падліку галасоў не быў празрыстым. Народ Беларусі заслугоўвае лепшага. У прыватнасці, цяпер я чакаю, што ўрад будзе адказваць за арышты кандыдатаў у прэзідэнты, журналістаў і праваабаронцаў", — сказаў Лойд.

У сваю чаргу кіраўнік доўгатэрміновай місіі назірання БДІПЧ АБСЕ Герт Хінрых Арэнc заявіў: "Я вельмі спадзяваўся, што на гэты раз мы зможам даць больш пазітыўную ацэнку. На жаль, гэта немагчыма ў святле недахопаў пры падліку галасоў і жорсткага адказу ўлад на ўчарашнія дэманстрацыі".

Пасол Арэнс заклікаў улады Беларусі захоўваць прыхільнасць абавязацельствам у рамках АБСЕ і не спыняць дэмакратычныя рэформы, неабходныя для прывядзення выбараў у адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі.

Пры гэтым назіральнікі АБСЕ адзначылі, што падчас кампаніі ўсе кандыдаты ў прэзідэнты мелі магчымасць бесперашкодна данесці свае пасланні да электарату. Яны, у прыватнасці, маглі звяртацца да электарату наўпрост падчас двух тэледэбатаў і бясплатнага эфірнага часу, дадзенага ім без цэнзуры, але ў абмежаваным аб'ёме.

Тым не менш, дзейны прэзідэнт і астатнія кандыдаты спаборнічалі ў няроўных умовах, падкрэсліваюць назіральнікі.

Яны, у прыватнасці, указалі на выпадкі злоўжывання адміністрацыйным рэсурсам для рэкламы дзейнага кіраўніка дзяржавы, якому агульнанацыянальныя тэлеканалы прысвяцілі каля 90% усіх палітычных навін. "Адсутнасць разнастайнасці на рынку СМІ знізіла магчымасць інфармаванага выбару выбаршчыкамі", — гаворыцца ў заяве.

Назіральнікі таксама адзначаюць, што Цэнтрвыбаркам "адміністраваў тэхнічныя аспекты выбарчага працэсу добра і празрыстым чынам, аднак быў пазбаўлены непрадузятасці". "Хоць выбарчае заканадаўства прадугледжвае плюралістычны склад выбарчых камісій, на практыцы менш як 1% членаў камісій прадстаўлялі апазіцыю", — канстатуецца ў дакуменце.

Такім чынам, рэзюмуе місія АБСЕ, "нягледзячы на некаторыя паляпшэнні ў выбарчым заканадаўстве, прававая база дагэтуль не дае адэкватных гарантый для правядзення выбараў у адпаведнасці з абавязацельствамі ў рамках АБСЕ".

Таццяна Каравянкова, Антон Тарас, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН