Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2010/12/22/437324_437325/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 04:01
22.12.2010 19:06 Палітыка

Рыгор Кастусёў перадаў у ЦВК скаргу з патрабаваннем прызнаць вынікі прэзідэнцкіх выбараў несапраўднымі (дапоўнена)

Мінск, 22 снежня. У Цэнтрвыбаркам Беларусі паступіла скарга ад кандыдата ў прэзідэнты Рыгора Кастусёва з патрабаваннем прызнаць вынікі прэзідэнцкіх выбараў несапраўднымі. Скаргу ў ЦВК перадаў вечарам 22 снежня сам кандыдат у прэзідэнты.
Як паведаміў БелаПАН сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, гэта адзіная скарга, у якой хтосьці з кандыдатаў у прэзідэнты просіць прызнаць выбары прэзідэнта несапраўднымі.

Згодна з Выбарчым кодэксам, кандыдаты ў прэзідэнты могуць абскардзіць вынікі выбараў у ЦВК на працягу трох дзён пасля іх заканчэння. Гэта значыць тэрмін завяршаецца сёння, 22 снежня. Адпаведную заяву кандыдат павінен прынесці ў ЦВК асабіста.

Кандыдаты Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў, Віталь Рымашэўскі, Мікалай Статкевіч і Аляксей Міхалевіч, затрыманыя падчас акцыі 19 снежня, цяпер знаходзяцца ў следчым ізалятары КДБ. У дачыненні да арганізатараў несанкцыянаванай акцыі распачата справа па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса (масавыя беспарадкі). Ім пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Як паведаміў БелаПАН Рыгор Кастусёў, ён просіць ЦВК лічыць сваю скаргу таксама пададзенай ад тых кандыдатаў у прэзідэнты, якія пазбаўленыя магчымасці гэта зрабіць. Кастусёў упэўнены, што пры наяўнасці такой магчымасці яны рэалізавалі б сваё права абскардзіць вынікі выбараў.

"З-за незаконнага арышту яны пазбаўлены магчымасці самастойна падаць такія ж скаргі. Упэўнены, яны б скарысталі сваё права апратэставаць вынікі выбараў", — сказаў ён.

Кастусёў паведаміў, што абгрунтаванне скаргі размяшчаецца на 38 старонках. Акрамя таго, 363 старонкі складае дадатак са скаргамі назіральнікаў дэмакратычных прадстаўнікоў участковых камісій, якія яны падавалі ў выбарчыя камісіі рознага ўзроўню і пракуратуру. "У скарзе пералічаны шматлікія факты найгрубейшага парушэння нацыянальнага выбарчага заканадаўства і выкарыстання небывалага адміністрацыйнага рэсурсу і бюджэтных сродкаў пры правядзенні выбараў, што паўплывала на іх вынікі ў цэлым па краіне", — сказаў Кастусёў.

Акрамя Цэнтрвыбаркама кандыдат у прэзідэнты можа аспрэчыць афіцыйныя вынікі галасавання ў Вярхоўным судзе — гэта неабходна зрабіць на працягу 10 дзён пасля выбараў.

Нагадаем, паводле звестак ЦВК, за Аляксандра Лукашэнку прагаласавала 79,67% выбаршчыкаў. Андрэй Саннікаў атрымаў 2,56% галасоў, Яраслаў Раманчук — 1,97%, Рыгор Кастусёў — 1,97%, Уладзімір Някляеў — 1,77%, Аляксей Міхалевіч — 1,2%, Віталь Рымашэўскі — 1,1%, Віктар Цярэшчанка — 1,08%, Мікалай Статкевіч — 1,04%, Дзмітрый Ус — 0,48%.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН