Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2011/01/21/444011_444012/
Дата раздрукоўкі: 14.12.2018 03:43
21.01.2011 14:08 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка прынёс прысягу і афіцыйна заняў пасаду прэзідэнта (дапоўнена)

Мінск, 21 студзеня. 21 студзеня Аляксандр Лукашэнка, паводле Канстытуцыі, прынёс у Палацы Рэспублікі ўрачыстую прысягу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і афіцыйна заняў пасаду.

"Займаючы пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся аддана служыць народу Рэспублікі Беларусь, паважаць і ахоўваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, выконваць і абараняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, свята і добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі", — зачытаў па-беларуску Лукашэнка тэкст прысягі.

Выступаючы з прамовай пасля прынясення прысягі, кіраўнік дзяржавы заявіў: "Мы атрымалі пераканаўчую перамогу. Бо пытанне стаяла не проста аб выбары прэзідэнта. Па сутнасці, вырашаўся далейшы лёс краіны — быць ёй самастойнай і моцнай або трапіць у кабальную залежнасць".

Паводле яго слоў, давер народа "прад`яўляе сёння асаблівыя патрабаванні і абавязацельствы, прымушае быць вельмі адказным і справядлівым кіраўніком як адносна да сваіх прыхільнікаў, так і да людзей альтэрнатыўных поглядаў".

"Аб`ектыўна ацэньваючы выбарчую кампанію", Лукашэнка заявіў: "Яна прайшла адкрыта, дэмакратычна, у поўнай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і міжнароднай практыкай і жорсткімі патрабаваннямі назіральнікаў".

"Народ сказаў сваё важкае слова, яшчэ раз пацвердзіўшы, што Беларусь — свабодная, дэмакратычная дзяржава. Зроблены ім выбар — свяшчэнны і неаспрэчны: бо нездарма ў старажытнасці голас народа прыраўноўвалі да голасу Божага", — нагадаў ён.

Лукашэнка заўважыў, што некаторыя палітыкі, дзеячы замежных дзяржаў і міжнародных структур "палічылі за лепшае аддаць забыццю гэты стары, як свет, прынцып народаўладдзя, але гэта іх справа".

На думку Лукашэнкі, для вірусу "каляровых рэвалюцый" у Беларусі "проста няма пажыўнага асяроддзя". "Даю вам цвёрдую гарантыю: ліміт рэвалюцый і хвалявання вычарпаны, ніякія "майданы" і "плошчы" нашаму грамадству не пагражаюць. Бяспеку, стабільнасць мы ўберажэм ад любых падкопаў звонку і знутры", — падкрэсліў ён.

Паводле даных МЗС, прысутнасць на цырымоніі інаўгурацыі пацвердзілі 32 кіраўнікі замежных дыпламатычных устаноў і прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый.

Праігнаравалі цырымонію паслы краін Еўрасаюза — 21 студзеня яны пакінулі тэрыторыю Беларусі і цяпер знаходзяцца ў Вільнюсе. Як растлумачыла Мая Качыянчыч, прэс-сакратар вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, еўрапейскія паслы не будуць удзельнічаць у цырымоніі ў знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і рэпрэсій у дачыненні да апазіцыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

Не прысутнічаў на інаўгурацыі Лукашэнкі і кіраўнік амерыканскага пасольства — часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан, які сёння знаходзіцца ў Гродне.

Чацвёртыя выбары прэзідэнта Беларусі адбыліся 19 снежня 2010 года. Паводле даных Цэнтрвыбаркама, Аляксандр Лукашэнка набраў 79,65% галасоў выбаршчыкаў.

Вечарам 19 снежня ў цэнтр Мінска выйшлі дзясяткі тысяч грамадзян, не згодных з афіцыйнымі вынікамі выбараў. Дэманстрацыя была жорстка падаўлена ўладамі.

Па факце масавых беспарадкаў у сталіцы распачата крымінальная справа. Абвінавачанне прад`яўлена 33 палітычным і грамадскім актывістам, у тым ліку пяці былым кандыдатам у прэзідэнты. Усе яны, акрамя Віталя Рымашэўскага, змешчаныя пад варту, ім пагражае турэмнае зняволенне да 15 гадоў.

Разгон дэманстрацыі, а таксама наступны пераслед прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і СМІ выклікалі вельмі негатыўную рэакцыю ў краіне і за мяжой.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН